Парфяновіч: У 84 годзе мяне прымусілі прымаць допінг спецыялісты са шпрыцамі

Алімпійскі чэмпіён Уладзімір Парфяновіч расказаў Еўрарадыё, як прымаў допінг у 1984 годзе і чаму зараз за гэта трэба ўвесці крымінальную адказнасць. У Музеі алімпійскага гонару цяпер захоўваецца медаль, які непатрэбны алімпійскаму чэмпіёну па веславанні Ўладзіміру Парфяновічу, таму што гэты медаль ён заваяваў дзякуючы допінгу. Знакаміты спартовец расказаў Еўрарадыё, што на той час выбару ў яго не было – усё вырашыў загад “зверху”:

"Гэты медаль – “Дружба 1984”. Да нас прыехалі нашы спецыялісты з доўгімі шпрыцамі і сказалі: “Рэкорды за любы кошт!” Не будзеш – да пабачэння, з’язджай! А я выступаў яшчэ ў “чацвёрцы”, і калегі гавораць: “А як жа мы, калі ты адмовішся?” Таму, умоўна кажучы, давялося легчы і адціснуцца”.

Па словах былога спартоўцы, адчуванні пасля прыёму допінга дзіўныя:

“Адпрацаваў трэніроўку, прайшло 30 хвілін, а адчуванне такое, што ты і не працаваў увогуле. Адчуваеш сабе проста дзіўна. Уражанне такое, што можаш працаваць, як конь. Але ж потым такі спад, што вельмі цяжка з гэтага стану выйсці”.

Цяпер Уладзімір Парфяновіч выказваецца за тое, каб увесці крымінальную адказнаць за ўжыванне допінгу:

“Крымінальная адказнасць абавязкова павінна быць уведзеная ў нашай краіне! Таму шт о гэта проста амаральна. І маральныя ўроды тыя, хто прымаюць забароненыя прэпараты!”

Гэта дзіўна, але ў Беларусі няма закону аб допінгу. У Законе аб фізічнай культуры і спорце гаворыцца, што за станоўчы вынік пробы на допінг спартовец пазбаўляецца ўдзелу ў спаборніцтвах і нясе адказнасць згодна з заканадаўствам. Аднак у заканадаўставе нічога пра адказнасць няма. Дырэктар Нацыянальнага антыдопінгава агенцтва Мікалай Кручынскі лічыць, што адказнасць павінен несці толькі сам “брудны” спартовец:

“Найбольшая колькасць станоўчых вынікаў тэстаў на допінг у лёгкаатлетаў. Закон аб прымяненні допінга ў нашай краіне пакуль не разглядаецца. Мы рыхтуем дакументы па далучэнні да Міжнароднай канвенцыі па барацьбе з допінгам ЮНЭСКА. А так, згодна з Сусветным антыдопінгавым кодэксам, адказнасць за ўжыванне ці трапленне ў арганізм спартоўцы забароненых рэчываў нясе непасрэдна ён сам”.

Галоўны рэдактар газеты “Прэсбол” Уладзімір Беражкоў лічыць, што крымінальная адказнасць за допінг павінна тычыцца і лекара з трэнерам:

“Таму што большай ганьбы для краіны за спартоўцу, якога злавілі на ўжыванні допінгу, няма. Прычым адказнасць павінна размяркоўвацца так: лекар, трэнер, спартовец”.

У кожнага беларускага спартоўцы мінімум чатыры разы на год павінны браць пробу на допінг. Аднак, па словах Мікалая Кручынскага, далёка не ўсе нашыя спартоўцы праходзяць тэст на допінг:

“Не магу вам сёння сказаць, што мы ўсе каманды ахопліваем перад міжнароднымі спаборніцтвамі. Усе аналізы для беларусаў робіць маскоўская Антыдопінгавая лабараторыя. Каштуе гэта каля 200-250 долараў. Калі будуць знойдзены нейкія забароненыя рэчывы, то пачынаецца высвятленне абставінаў: выпадкова гэта было ці не. Калі ж даказваецца невыпадковасць – спартоўцу дыскваліфікуюць”.

Раней алімпійская чэмпіёнка па лёгкай атлетыцы Яніна Карольчык, якая была дыскваліфікаваная за допінг, казала Еўрарадыё, што на беларускіх спартоўцаў ідзе сапраўднае паляванне з боку міжнародных антыдопінгавых арганізацый:

“Проста не даюць нармальна, спакойна трэніравацца. Такое ўражанне, што міжнародная федэрацыя выбірае некалькі спартоўцаў і ладзіць нейкае паляванне на іх”.

Уладзімір Парфяновіч не згаджаецца з сучаснымі алімпійцамі:

“Супраць нас паход нейкі арганізаваны, на нас растаўленыя сеткі, нас паўсюль мэтанакіравана ловяць… Да калі б беларусы ў якім-небудзь топавым відзе спорту лідзіравалі, і нас знялі са спаборніцтваў – гэта была б сапраўды нагода гаварыць пра нейкае паляванне”.

Дарэчы, як даведалася Еўрарадыё гэтыя “рэзкія” словы Яніны выклікалі незадавальненне Міжнароднага антыдопінгавага камітэта.

Фота — www.ucpb.org

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі