Парк айцішнікаў могуць пазбавіць “кітайскіх” ільгот

Выплаты ў фонд сацыяльнай абароны для рэзідэнтаў парка высокіх тэхналогій могуць павялічыцца ўдвая, а падатак на прыбытак вырасце на 1%, да 10%, калі праект закона прымуць, паведамляюць Камп'ютарныя весткі. Звычайныя беларусы, не айцішнікі, цяпер плацяць падатак у 13%.

Змены ў законе закрануць такія буйныя кампаніі, як “Epam”, “itransition” ды іншыя.

Для кітайска-беларускага індустрыяльнага парка, які толькі будуецца, льготы захоўваюцца. Параўноўваем льготы двух паркаў.

Рэзідэнты кітайскага парка маюць:

— стаўку індывідуальнага падаходнага падатку ў 9%, што на 25% менш за агульнарэспубліканскую. (У Парку высокіх тэхналогій, калі дэкрэт прымуць, будзе 10%)

— замежнікі вызваляюцца ад выплаты абавязковых страхавых узносаў з фонду іх заработнай платы

— для беларусаў на частку даходу, якая перавышае аднакратны памер сярэднямесячнай заработнай платы ў рэспубліцы, абавязковыя страхавыя ўзносы не налічваюцца (гэтую льготу хочуць забраць па праекце закона ў Парку высокіх тэхналогій)

— Пры ўсталяванні новых падаткаў у Беларусі, яны не распаўсюджваюцца на рэзідэнтаў парка.

А сам Кітайска-беларускі парк:

— прызнаны “свабоднай эканамічнай зонай” са “спецыяльным прававым рэжымам”. (Парк высокіх тэхналогій такой ільготы не мае)

— вызвалены ад ўсіх мясцовых падаткаў і збораў да 2032 года, а яго рэзідэнты — на 10 гадоў пасля рэгістрацыі (акурат 10 гадоў Парк высокіх тэхналогій мае льготы і прэферэнцыі, якіх можа пазбавіцца з-за новага закона).

3:0 на карысць кітайска-беларускаму парка, калі змены ў закон усё ж прымуць, і айцішнікі пазбавяцца льгот.

“У краіне дзейнічаюць 250 льгот. Бюджэт за 2013 страціў ад гэтага каля мільярда долараў. Раней у нас была магчымасць падобныя льготы прадастаўляць. Цяпер іншыя часы. Ад індывідуальных ільгот трэба сыходзіць, — кажа Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па актуальных пытаннях падатковай палітыкі 16 лютага. — Усе суб'екты гаспадарання павінны працаваць у роўных умовах — мы павінны зыходзіць з гэтага прынцыпу. Выключэнне — толькі для прыярытэтных відаў дзейнасці”.

Парк высокіх тэхналогій і яго рэзідэнты ў 2013 годзе зарабілі 525 мільёнаў долараў. Адзін з самых буйных падаткаплацельшчыкаў парка — кампанія "Epam". Кітайска-беларускі парк пакуль не пабудаваны.

На 1 фота злева направа: Парк высокіх тэхналогій, праект Кітайска-Беларускага парка.

Фота: park.by, novostroyki.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі