Выбары 2019: парламент мары vs рэальны прагноз Еўрарадыё — Мінск
Сёлетняя парламенцкая кампанія такі крыху здзівіла аматараў прагнозаў. Апазіцыйныя дэпутаткі Алена Анісім і Ганна Канапацкая, якім прадказвалі працяг дэпутацкіх мандатаў, нават не былі зарэгістраваныя ў якасці кандыдатак! І ўсё ж Еўрарадыё рызыкне зрабіць свой прагноз. Але крыху іншым чынам.
Мы ўважліва вывучылі спіс кандыдатаў, улічылі самаадводы і “чырвоныя карткі” ад выбарчых камісій і найперш вызначыліся з тымі, за каго б самі прагаласавалі ў кожнай з акруг. Пераважная большасць фаварытаў — маладыя, адукаваныя, дзёрзкія — з якімі Палата прадстаўнікоў ажыла б. Але ёсць і старая гвардыя — кандыдаты з вялікім кандыдацкім досведам.
Увага! Выбар рэдакцыі можа не супадаць з канчатковым рашэннем Цэнтрвыбаркама! Таму мы вызначылі і 110 кандыдатаў, якія, на нашую думку, маюць найбольшыя шанцы быць абранымі ў дэпутаты (у тэксце яны пазначаныя як кандыдаты-спойлеры). Шукайце сваю акругу — а далей вашая справа: пагаджацца з нашым выбарам ці не!
Пачынаем з Мінска:
Шабаноўская выбарчая акруга № 91
Юры Адамовіч
Вядучы эканаміст Інфармацыйна-выдавецкага цэнтра па падатках і зборах 1980 года нараджэння парламенту не пашкодзіць. Трэба ж камусьці вывучаць эканамічныя праекты законаў, якія дасылаюць з урада ды Адміністрацыі прэзідэнта. Прадстаўляе АГП.
Кандыдат-спойлер: Галіна Лагунова
Тыповая чыноўніца-бюджэтніца 1964 года нараджэння. Дырэктар дзяржаўнага інстытута спажывецкай кааперацыі, беспартыйная, проста машына для маўклівага націскання на кнопку.
Іх сапернікі: дырэктар школы № 169, дырэктар будаўнічай фірмы з ЛДПБ і інжынер Мінскага маторнага завода з Рэспубліканскай партыі.
Аўтазаводская выбарчая акруга № 92
Дзяніс Жораў
Сябра Партыі БНФ 1983 года нараджэння, індывідуальны прадпрымальнік, па прафесіі бухгалтар. Малады, умее лічыць грошы. Пойдзе ў эканамічную камісію!
Кандыдат-спойлер: Аляксандр Гранкоўскі
Дасведчаны мазаўскі кіраўнік 1963 года нараджэння, зараз займае пасаду намесніка гендырэктара аўтазавода, беспартыйны. Моцны праўладны кандыдат. Лукашэнка МАЗ нікому не прадае, чаму б не ўзяць у парламент чалавека ад рабочых?
Сапернікі: дырэктар каледжа кулінарыі, пенсіянер з партыі “Справядлівы свет” ды начальнік участка прыватнай фірмы з ЛДПБ.
Васняцоўская выбарчая акруга № 93
Валянцін Фралоў
Індывідуальны прадпрымальнік 1983 года нараджэння з Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Малады і дзёрзкі!
Кандыдат-спойлер: Марына Шкроб
Але пераможа ў акрузе, хутчэй за ўсё, намесніца галоўнага ўрача 5-й гарадской клінічнай бальніцы 1967 года нараджэння. Яна беспартыйная, працуе на кіраўнічай пасадзе ў бюджэтнай установе. Чым не дэпутат?
Сапернікі ў іх: пенсіянер-камуніст, агент па нерухомасці і ідэолаг-камуніст.
Свіслацкая выбарчая акруга № 94
Валерый Варанецкі
Тут мы прадказваем, што пераможа былы намеснік міністра замежных спраў, цяперашні дэпутат Нацыянальнага сходу. Але і мы самі абралі б яго ў парламент: моцны кандыдат з дыпламатычным бэкграўндам, любіць беларускую культуру і размаўляе па-беларуску.
Сярод яго сапернікаў вылучаецца галоўны рэдактар “Белгазеты” Кірыл Жываловіч. Але з яго імем звязаны скандал у выданні, які адбыўся на пачатку 2019 года, таму ён нашыя сімпатыі не заваяваў.
Купалаўская выбарчая акруга № 95
Рыгор Кастусёў
Старшыня Партыі БНФ працуе памочнікам апазіцыйнай дэпутаткі Алены Анісім у Нацыянальным сходзе цяперашняга склікання. На наш погляд, прыйшоў час ветэрану беларускай палітыкі і самому стаць дэпутатам.
Кандыдат-спойлер: Таццяна Сайганава
Калі ж не адрывацца ад рэальнасці, то трэба прызнаць, што Партыі БНФ у парламенце не будзе. А будзе там, мяркуем, цяперашні дэпутат Палаты прадстаўнікоў, сябра Беларускай патрыятычнай партыі Таццяна Сайганава 1970 года нараджэння.
У гэтай выбарчай акрузе адзін з самых вялікіх конкурсаў: 7 кандыдатаў на адно дэпутацкае месца. Але астатнія занадта дробныя рыбкі ў параўнанні з вышэйзгаданымі дзвюма акуламі.
Чкалаўская выбарчая акруга № 96
Максім Шклярык
Мы абралі б сябра БСДГ 1990 года нараджэння, спецыяліста па продажах фірмы “Магірус Опт”. Малады прадстаўнік сярэдняга класа ў парламенце — чаму б і не?
Кандыдат-спойлер: Андрэй Савіных
Былы прэс-сакратар МЗС і амбасадар Беларусі ў Турцыі, дыпламат са стажам. Гэты дакладна пройдзе ў дэпутаты, тут і казаць няма чаго.
Іх сапернікі: шматдзетная маці з АГП, дырэктар фірмы з камуністычнай партыі і кандыдатка ад ЛДПБ, якая часова не працуе.
Кастрычніцкая выбарчая акруга № 97
Нягледзячы на тое што ў гэтай акрузе ажно 8 кандыдатаў, ніхто з іх нас не ўразіў настолькі, каб прапанаваць яго ў дэпутаты. Сярод кандыдатаў тут электрамеханік метро з Партыі БНФ, намеснік дырэктара “УКБ Захад”, намеснік дырэктара фірмы з ЛДПБ, рабочы з “Інтэграла” з апазіцыйных камуністаў, яшчэ адзін намеснік дырэктара фірмы, першы сакратар мінскага БРСМ.
Кандыдат-спойлер: Ілона Чак
Перамогу атрымае, на нашу думку, дырэктар каледжа лёгкай прамысловасці 1968 года нараджэння з праўладнай Камуністычнай партыі. Яшчэ адзін наменклатурны педагог, якім у нас шлях у парламент адкрыты.
Грушаўская выбарчая акруга № 98
Алана Гебрэмарыям
Тут балатуецца самая незвычайная кандыдатка на гэтых выбарах, за якую мы б і аддалі свой голас. 22-гадовая “афрабеларуска” сёлета скончыла Медуніверсітэт па спецыяльнасці стаматалогія, але часова не працуе. Яна прадстаўляе БСДГ і размаўляе па-беларуску. Хай бы наша родная мова гучала ў парламенце часцей ды яшчэ і з вуснаў такой прыгажуні!
Кандыдат-спойлер: Людміла Макарына-Кібак
На жаль, шанцаў у Аланы няшмат. Ёй супрацьстаіць дзейная дэпутатка Людміла Макарына-Кібак.
Іншыя кандыдаты ў акрузе: два часова беспрацоўныя, адзін дырэктар фірмы і адзін індывідуальны прадпрымальнік.
Паўднёва-Заходняя выбарчая акруга № 99
Станіслаў Шашок
Чарговы маладзён, які асвяжыў бы парламент. Хлопец 1994 года нараджэння, стажор Беларускага Хельсінскага Камітэта, сябра БСДГ.
Кандыдат-спойлер: Ігар Камароўскі
Галоўны сапернік Станіслава і найбольш імаверны пераможца выбараў па акрузе. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў цяперашняга склікання, сябра Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці.
Таксама тут балатуюцца дырэктар школы, менеджар мінскага метрапалітэна, намеснік дырэктара фірмы, дырэктар прадпрыемства, кіроўца, часова беспрацоўная апазіцыянерка.
Ясенінская выбарчая акруга № 100
Адгэтуль мы вылучылі б у парламент прадстаўніка Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) 1978 года нараджэння Віталя Савіча. Ён працуе дырэктарам фірмы “Альфа рэт”.
Кандыдат-спойлер: Аксана Гайдук
Нягледзячы на нашыя пажаданні, пройдзе ў парламент, хутчэй за ўсё, цяперашні дэпутат 1974 года нараджэння, якая прадстаўляе Рэспубліканскую партыю працы і справядлівасці.
Таксама тут балатуюцца беспартыйная дырэктар цэнтра дзіцячай адукацыі, намеснік дырэктара фірмы з ЛДПБ і памочнік кіраўніка фірмы з праўладных камуністаў.
Каменнагорская выбарчая акруга № 101
Дзіяна Чарнушына
Маладая загадчыца сектара ў Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэцы з АГП зможа расказаць дэпутатам пра тэхнічны прагрэс. Еўрарадыё супраць застою ў парламенце!
Кандыдат-спойлер: Ганна Старавойтава
Цяперашні дэпутат парламента 1966 года нараджэння, магчыма, пераабярэцца на другі тэрмін. Іншыя сапернікі, сярод якіх яшчэ стаматолаг з Партыі БНФ, дырэктар спартклуба з ЛДПБ, сакратар пярвічкі БРСМ, дырэктар фірмы з патрыятычнай партыі і менеджар фірмы з “Грамады”, наўрад ці створаць ёй канкурэнцыю.
Заходняя выбарчая акруга № 102
Тут Еўрарадыё выбірае дырэктара фірмы “МАГІРУС ІМПАРТ” 1981 года нараджэння з БСДГ Мікалая Жанеўскага.
Кандыдат-спойлер: Марына Лянчэўская
А пройдзе ў парламент, на нашу думку, начальнік сакратарыята старшыні праўлення “Беларусбанка” 1971 года нараджэння. Марына Лянчэўская беспартыйная, але можна не сумнявацца, што ўлада яе падтрымае.
Канкурыруюць з імі кіроўца фірмы з АГП, рамеснік з “Грамады”, дырэктар аналітычнага цэнтра Мінадукацыі з камуністаў, кіраўнік таварыства аховы правоў спажыўцоў з БНФ і прадстаўнік БДУІР з ЛДПБ.
Пушкінская выбарчая акруга № 103
Дзяніс Тушынскі
У гэтай акрузе наш фаварыт — выкладчык англійскай мовы на факультэце міжнародных адносін БДУ. Ён прадстаўляе партыю “Зялёныя”, а эколагі ў парламенце лішнімі не будуць.
Кандыдат-спойлер: Васіль Панасюк
Чыноўнік 1966 года нараджэння, старшыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў. Пасведчанне дэпутата парламента стане лагічным працягам кар’еры Васіля Панасюка.
Іх сапернікі: топ-менеджар “Мінгардаведкі”, галоўбух жыллёвага кааператыва з АГП, майстар ЖРЭА з ЛДПБ і майстар вытворчага навучання ў БНТУ з камуністаў.
Кальварыйская выбарчая акруга № 104
Адсюль ідзе ў парламент 22-гадовая “Міс Беларусь — 2018” Марыя Васілевіч. Сумневаў у тым, што фаварытка Аляксандра Лукашэнкі пройдзе ў парламент, думаецца, ні ў кога няма. Тым не менш Еўрарадыё вылучае сярод іншых кандыдатаў у акрузе Мікалая Маслоўскага з АГП, індывідуальнага прадпрымальніка 1976 года нараджэння. Пералічваць іншых кандыдатаў у гэтай акрузе сэнсу няма.
Старавіленская выбарчая акруга № 105
Мікалай Казлоў
Выбар Еўрарадыё — сталы палітык 1967 года нараджэння, выконваючы абавязкі старшыні АГП, індывідуальны прадпрымальнік. Годны быў бы дэпутат!
Кандыдат-спойлер: Святлана Любецкая
Але разам з ім ідзе на выбары суддзя Вярхоўнага Суда, і нешта нам падказвае, што ў парламент пройдзе менавіта яна.
Сапернікі: сябра “Грамады”, які часова не працуе, ідэолаг “Мінскрамбуда”, дырэктар аптовай фірмы з ЛДПБ і выкладчык БДАТУ з апазіцыйных камуністаў.
Коласаўская выбарчая акруга № 106
Ігар Барысаў
Тут мы выбіраем маладога старшыню БСДП (Грамада) 1982 года нараджэння, які працуе памочнікам дырэктара прадпрыемства “Камень”.
Кандыдат-спойлер: Сяргей Дзік
Асноўны сапернік нашага кандыдата — першы прарэктар БДУІР. Сталы ўніверсітэцкі функцыянер 1956 года нараджэння, каго яшчэ могуць жадаць улады ў парламенце!
Іншыя кандыдаты ў акрузе: дырэктар фірмы з ЛДПБ, дырэктар мінскага філіяла расійскай ВНУ з апазіцыйных камуністаў, ІП з АГП ды майстар завода імя Вавілава з праўладных камуністаў.
Усходняя выбарчая акруга № 107
Зміцер Каспяровіч
Ва Усходняй акрузе нам даспадобы малады іпэшнік 1982 года нараджэння з Партыі БНФ. У краіне шмат гаворыцца пра развіццё прадпрымальніцтва, але робіцца для гэтага няшмат. Таму не будуць лішнімі дэпутаты, якія ў курсе прадпрымальніцкіх праблем.
Кандыдат-спойлер: Генадзь Давыдзька
На жаль, шанцаў у Змітра не болей за нуль. Бо яму супрацьстаіць аж сам старшыня “Белай Русі”. Каментарыі залішнія. Нават пералічваць іншых кандыдатаў у акрузе сэнсу няма.
Каліноўская выбарчая акруга № 108
Аляксей Лазараў
Каго ў беларускім парламенце дакладна яшчэ не было, дык гэта маладых і гарачых айцішнікаў. Таму мы абіраем інжынера-праграміста прыватнай фірмы 1998 года нараджэння Аляксея Лазарава з БСДГ.
Кандыдат-спойлер: Алег Гайдукевіч
А найбольш імаверны дэпутат па Каліноўскай акрузе — дасведчаны палітык, старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі, прадстаўнік так званай ручной апазіцыі.
Іншыя кандыдаты: дырэктар раённага “Рамаўтадара”, пенсіянер-камуніст і менеджар мінскага завода “Тэрмапласт”.
Уручская выбарчая акруга №109
Алег Кучанкоў
З усіх кандыдатаў ва Уруччы нам найбольш даспадобы намеснік дырэктара па развіцці фірмы “У рытме рэкламы” 1983 года нараджэння. Ён прадстаўляе ЛДПБ.
Кандыдат-спойлер: Іван Гардзейчык
Фаварыт у акрузе — адзін з кіраўнікоў грамадскага аб’яднання ветэранаў 1957 года нараджэння. А ветэранаў у Беларусі шануюць.
Конкурс у гэтай акрузе амаль мінімальны: застаецца толькі загадчыца дзіцячага садка з Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці.
Партызанская выбарчая акруга № 110
Мікіта Краснакуцкі
У парламенце павінны быць не толькі маладыя айцішнікі, але і пралетарыі! Сустракайце аператара дыфузійных працэсаў "Інтэграла" 1996 года нараджэння з БСДГ Мікіту Краснакуцкага!
Кандыдат-спойлер: Тэнгіз Думбадзэ
Канкурэнт у яго, што праўда, вельмі сур’ёзны — выканаўчы прадзюсар АНТ 1964 года нараджэння Тэнгіз Думбадзэ.
З улікам іншых сапернікаў — псіхатэрапеўта, дырэктара каледжа, эканаміста дзяржканторы, ІП з ЛДПБ і ветэрана беларускай палітыкі пенсіянера Валерыя Ухналёва — сумневаў у перамозе Думбадзэ амаль няма.