Партыя БНФ раіць уладзе "надалей лепей дбаць пра бяспеку людзей"

Партыя БНФ прыняла заяву з нагоды начнога выбуху ў Мінску, падчас якога пацярпела каля 50 чалавек. У ёй выказваецца спачуванне ўсім пацярпелым, а таксама "ўдзячнасьць супрацоўнікам міліцыі і медыкам, якія рабілі што маглі, каб дапамагчы параненым".
Партыя БНФ "рашуча асуджае злачынства, скіраванае супраць мірных бесклапотных людзей" і выказвае перакананне, што "толькі нехта бясконца далёкі ад прынцыпаў чалавечнасці, хрысціянскіх каштоўнасцяў, любові да беларускага народу і сваёй краіны мог запланаваць і ўчыніць такое дзікунства". Партыя БНФ "настойліва" раіць уладзе "надалей лепей дбаць пра бяспеку людзей, якіх сама ж яна і збірае".

Таксама фронтаўцы папярэджваюць уладу, што было б памылкай скарыстаць гэтую падзею для "далейшага абмежавання свабоды і дэмакратыі". Вось што кажа ў інтэрв'ю Еўрарадыё намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч:

"Недапушальным будзе, калі гэты выбух, гэтае здарэнне будзе выкарыстанае для пераследу палітычных апанентаў улады. Мы адразу апярэджваем, калі нейкіх актывістаў пачнуць падазраваць, цягаць на допыты. Мы гэта таксама разглядаем, як выкарыстанне гэтага здарэння ў прыватных палітычных мэтах цяперашніх уладаў".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі