Партыя піратаў ёсць нават у Польшчы. І ствараецца ва Ўкраіне

Пра шведскую Партыю піратаў уся Еўропа загаварыла падчас сёлетніх выбараў у Еўрапарламент, у якіх партыя набрала 7,1% галасоў выбаршчыкаў сваёй краіны. Еўрарадыё паразмаўляла з яе заснавальнікам.
Каля 225 тысяч чалавек прагаласавала за гэтую партыю. Такім чынам, яна атрымала адно месца ў Еўрапарламенце.

А паўстала шведская Партыя піратаў у 2006 годзе, і цягам некалькіх дзён да яе далучыліся тысячы сябраў. Сёння ж у партыю ўваходзяць каля 48 тысяч асобаў. Акрамя Швецыі, такія партыі існуюць яшчэ ў 20 краінах па ўсім свеце. Сярод іх шведская Партыя піратаў займае трэцяе месца па велічыні, распавядае заснавальнік партыі Рыкард Фалквінг:

Рыкард Фалквінг: “Партыі піратаў існуюць на шасці з сямі кантынентаў, іх няма толькі ў Антарктыдзе”.

Беларусы ж пакуль не праявілі ініцыятывы, каб стварыць пірацкую партыю. А вось украінцы ўжо актыўна гэтым займаюцца, па словах Рыкарда Фалквінга:

Рыкард Фалквінг: “Я чуў, што ва Ўкраіне ствараюць Партыю піратаў. Я яшчэ не размаўляў з імі, але чуў, што партыя пачынае паўставаць”.

Найбольш буйныя структуры знаходзяцца ў Швецыі, Фінляндыі ды Германіі. Нямецкая Партыя піратаў таксама ўдзельнічала ў сёлетніх еўрапейскіх выбарах, аднак адпаведнай колькасці галасоў не атрымала.

Галоўны прынцып дзейнасці Партыі піратаў заключаецца ў тым, каб запэўніць усім грамадзянам права на прыватнасць, магчымасць неабмежавана дзяліцца інфармацыяй, а таксама свабоду слова, кажа Рыкард Фалквінг:

Рыкард Фалквінг: “Такія свабоды як права прыватнага камунікавання, права ананімна выяўляць сваё меркаванне і права доступу да інфармацыі павінны безумоўна існаваць у рэжыме он-лайн, а таксама оф-лайн. Як вольныя грамадзяне мы змагаемся за права дзяліцца культурай, каб іншыя таксама маглі выкарыстаць патрэбную ім інфармацыю, і за права на прыватнасць”.

Шведскія піраты лічаць, што падслухоўванне тэлефонных і інтэрнэт-размоваў звычайных грамадзян уладамі проста недапушчальна. На іх думку, трэба абмежаваць усялякае ўмяшанне ў сферу асабістага жыцця людзей.

Партыя піратаў прапануе зменшыць тэрмін дзеяння аўтарскіх правоў для камерцыйнага выкарыстання. А некамерцыйнае ўжыванне павінна быць увогуле бясплатным, упэўнены Рыкард Фалквінг:

Рыкард Фалквінг: “Трэба дазволіць людзям свабодна дзяліцца інфармацыяй, скараціць аўтарскае права да 5 гадоў пасля апублікавання, дазволіць бясплатна рабіць копіі”

Піраты падкрэсліваюць, што ўсё сённяшняе мастацтва разлічана на кароткатэрміновую перспектыву. Калі нехта не зарабіў грошай на аўтарскіх правах цягам некалькіх год, то ён нічога не атрымае і праз 100 гадоў.

Шведскія піраты лічаць, што падзел партый на правыя і левыя ўжо даўно састарэў, таму яны не адносяць сябе да ніводнага з двух бакоў. Партыя піратаў не збіраецца займацца ніякімі палітычнымі пытаннямі. Яе галоўная мэта – рэалізаваць сваю праграму.

Партыя піратаў мае таксама сваю моладзевую арганізацыю, якая з'яўляецца адной з найбуйнейшых у Швецыі. Нягледзячы на тое, што піраты выступаюць супраць некаторых дзяржаўных законаў, шведскія ўлады штогод выдзяляюць на дзейнасць “Моладзевага Пірата” каля 200 тысяч еўра. Прычына – у вялікай папулярнасці арганізацыі. У Швецыі, дзе ў кожнай школе праводзяць уласныя выбары, піратаў падтрымліваюць каля 20% вучняў.


Фота — Вікіпедыя

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі