Парыжанін: На мяне ўпаў незнаёмы, ён паміраў. Я схаваўся пад яго целам і выжыў
Ахвярамі тэрактаў у Парыжы, які адбыўся 13 лістапада, сталі 132 чалавекі. Яшчэ некалькі соцень атрымалі раненні. Еўрарадыё сабрала гісторыі людзей, якім удалося выжыць у крывавай бойні.
У тэатры Bataclan праходзіў канцэрт амерыканскага гурта Eagles of Death Metal, падчас якога ў залу ўварваліся тэрарысты і пачалі расстрэльваць прысутных.
Журналіст радыё Europe 1 Жульен Пірс распавядае, што прыйшоў на канцэрт з найлепшым сябрам, у іх былі квіткі на танцпляц. З першымі стрэламі яны адразу леглі на падлогу.
“На мяне ўпаў незнаёмы чалавек. Ён быў паранены, я чуў, як яму было цяжка дыхаць і як ён паміраў”, — згадвае Жульен.
Журналіст схаваўся пад целам гэтага чалавека, дзякуючы чаму і выжыў. Таксама хлопец распавёў, што яму ўдалося разгледзець аднаго з чатырох тэрарыстаў:
"Ён быў зусім малады, не старэйшы за 20, быў апрануты ва ўсё чорнае і страляў толькі ў тых, хто ўжо быў паранены. Каб дабіць".
Расіянка Ларыса ўвечары ў пятніцу прыйшла ў клуб са сваім хлопцам. Спачатку прысутныя падумалі, што рэзкія хлапкі — проста піратэхнічны эфект, але неўзабаве ўсе зразумелі, што гэта тэракт.
“Як у нейкай дурной гульні, людзі стаялі і забівалі ўсіх вакол, стралялі. Я не ведаю, што гэта было, аўтаматы або стрэльбы ў іх, але яны стрымана ўсіх расстрэльвалі і нешта крычалі”, — цытуе словы дзяўчыны pravda.ru.
Ёй і яе сябру ўдалося адпаўзці ў больш бяспечнае месца, вакол усюды ляжалі людзі, якія паміралі.
Іншая расіянка, Ніна, таксама трапіла на фатальны канцэрт са сваімі сябрамі.
“Мы паўтары гадзіны праляжалі на падлозе побач з забітымі, хтосьці паміраў у агоніі, іншыя людзі плакалі”, — прыводзіць словы былой закладніцы агенцтва РІА “Новости”.
Джон быў сярод тых, хто ўцякаў праз дах. Дзверы туды адчыніў адзін з супрацоўнікаў тэатра.
“Нехта, хто добра ведаў гэтае месца, нейкі супрацоўнік, адчыніў дзверы на балкон. Там было некалькі дзяцей на верхнім паверсе. Каля мяне была жанчына з дзіцем. Я быў першым, хто выбраўся. Пасля мы выцягвалі людзей на металічны дах. Так чалавек 60”.
Неўзабаве яны ўбачылі падсветленае кватэрнае акно — гэта быў паратунак. Джон так і не ведае, што здарылася з жанчынай і дзіцем, якія былі побач.
У рэстаране La Belle Equipe, што месціцца побач з тэатрам, тэрарысты расстралялі амаль усіх наведнікаў. Квэнцін Богард быў у гэтым месцы са сваёй дзяўчынай.
“Мы сядзелі на тэрасе. Мы пасварыліся, і я сышоў. І нас гэта выратавала. Бо калі б мы засталіся сядзець на тым жа месцы, былі б мёртвыя абодва. Калі я сышоў, мая дзяўчына пайшла ўнутр будынка, бо думала, што трэба заплаціць. У гэты момант пад’ехалі тэрарысты і пачалі страляць. Яна схавалася за канапай. А ў тым месцы, дзе мы сядзелі хвілінай раней, нікога не было ў жывых”, — цытуе словы Квэнціна брытанская газета Independent.
У іншай частцы горада, каля стадыёна, на якім праходзіў таварыскі матч паміж зборнымі Францыі і Германіі, адбылася серыя выбухаў.
“Выбух адбыўся акурат насупраць мяне, калі я пераходзіў вуліцу, — распавядае мужчына, які знаходзіўся каля стадыёна. — Усё наваколле палыхнула, і мяне кінула на зямлю”.
“Адзін з кавалкаў шрапнелі трапіў у мой тэлефон. І ён выратаваў мяне, калі б не тэлефон, мая галава разляцелася б на кавалкі”, — цытуе словы відавочцы Sky News.
Іншая тэрарыстычная атака адбылася ў 10-й акрузе каля ўстановаў Petit Cambodge і Carillon. Мужчына, які працаваў у кавярні побач, кажа што рынуўся бегчы да месца, адкуль пачуў стрэлы. Калі ён прыбег, на зямлі ляжала мноства целаў.
“У такія моманты ты не можаш з упэўненасцю сказаць, рэальнасць гэта ці фікцыя”, — кажа мужчына. І дадае, што гэтыя бістро — неад’емная частка квартала. Тут усе ведаюць адно аднаго. Гэта быў час вячэры, пятніца, было шмат людзей.
У выніку серыі тэрарыстычных атакаў у Парыжы ў пятніцу, 13 лістапада, загінула 132 чалавекі, каля 350 атрымалі раненні. З 8 тэрарыстаў 7 загінула (былі забіты паліцыяй ці падарвалі сябе), адзін здолеў уцячы. Яго асоба высветлена. Абвешчаны вышук. Падчас паліцэйскіх рэйдаў у Францыі былі арыштаваныя 23 падазраваных у арганізацыі тэрактаў, у Бельгіі — 7 чалавек.
Галоўнае фота: Christian Hartmann/Reuters