Жыхар Парыжа: “У горадзе цяпер пануе дух салідарнасці”
Журналіст-фрылансер Андрэй Вайтовіч кажа, што для Францыі здарыўся вельмі адчувальны ўдар па свабодзе слова.
Жыхар Парыжа Андрэй Вайтовіч распавядае Еўрарадыё пра сітуацыю ў французскай сталіцы пасля расстрэлу журналістаў і паліцэйскіх.
Вайтовіч: “Я толькі што прыехаў на Плошчу Рэспублікі. Ехаў я на метро. Людзі там былі сумныя, не размаўлялі адзін з адным і нават адварочваліся ад вулічных музыкаў.
Цяпер на плошчы, як мне падаецца, чалавек 50–100. Сярод іх многа журналістаў. Нічога асаблівага не адбываецца. Людзі прыходзяць, паказваюць сваю салідарнасць, запальваюць свечкі, прыносяць кветкі”.
Вайтовіч адзначае, што парыжане, як яму падаецца, не сталі горш ставіцца да мясцовых мусульманаў пасля гэтага тэракту. Яны гэтак жа асцярожныя ў сваіх выказваннях наконт іншых рэлігій. Усе разумеюць, што тэракт зрабілі ў першую чаргу злачынцы, а толькі ўжо потым — вернікі.
Андрэй таксама кажа, што французы спрабуюць падтрымліваць адзін аднаго ў гэтыя жалобныя дні.
Вайтовіч: “У горадзе цяпер пануе дух салідарнасці. Людзі аб’ядноўваюцца, і ўжо ўчора на плошчы Рэспублікі сабралося 40 тысяч чалавек. І сёння пасля працы таксама людзі будуць прыходзіць, прыносіць кветкі. Але казаць, што настрой спакойны, нельга. Бо падазраваных яшчэ не схапілі. Усе хвалююцца за сваіх родных, за будучыню прэсы. Цяпер кожны журналіст будзе тройчы думаць перад тым, як напісаць што-небудзь. А для Францыі, краіны, дзе вельмі цэніцца свабода слова, гэта ўсё вельмі трагічна адчуваць”.
Фота — newsru.co.il