Пасажырка "Рэно" загінула ў начной аўтааварыі ў Гродне
Аўтааварыя са смяротным вынікам адбылася ўначы ў Гродне, паведамляе сайт мясцовай ДАІ. Пры наездзе на дрэва на Румлёўскім праспекце загінула пасажырка "Рэно".
Праваахоўнікі яшчэ не маюць поўнай карціны падзеяў. Паводле першапачатковых звестак, жыхарка аднаго з інтэрнатаў па вуліцы Томіна была на бальнічным з загіпсаванай нагой. Яна паведаміла мужу, што паедзе да сяброўкі на праспект Янкі Купалы, але ці дабралася да яе — невядома.
Але дакладна вядома, што жанчына выпівала з іншай сяброўкай, якая прыязджала наведаць хворую. Потым яны паехалі катацца па начным Гродне. Перад перасячэннем з вуліцай Белуша развярнуліся, і да моста праз Нёман аўтамабіль насіла па праезнай частцы. Урэшце машына ўрэзалася ў дрэва.
Пасажырка загінула на месцы. Ратавальнікам давялося выразаць яе з машыны. У жанчыны засталіся двое дзяцей.
Кіроўцу выратавала падушка бяспекі.