Пашкевіч: 17 верасня — важная гістарычная падзея для беларусаў, але не свята
17 верасня ўлады Беларусі адзначаюць "Дзень народнага адзінства", прыдуманы сёлета. Кандыдат гістарычных навук Аляксандр Пашкевіч выказаў сваё меркаванне наконт таго, ці з'яўляецца гэтая дата святочнай для беларусаў.
"Як чыста памятная і сімвалічная дата, звязаная з катэгорыяй “адзінства”, 17 верасня 1939 года цалкам можа існаваць, — піша Пашкевіч у Facebook. — Усё ж такі як ні круці, але аб’яднанне падзеленых раней дзвюх вялікіх частак беларускай этнічнай тэрыторыі у складзе адной дзяржавы (Савецкага Саюза) і адной адміністратыўна-тэрытарыяльнай адзінкі з прыкметамі псеўдадзяржаўнасці (Беларускай ССР) у выніку тых падзей адбылося".
Гісторык лічыць, што "гэта сапраўды важная гістарычная падзея для беларусаў, у значнай ступені лёсавызначальная". "Але не свята! — працягвае Аляксандр Пашкевіч. — Бо на змену аўтарытарнай сістэме, якая існавала ў Польшчы, да жыхароў Заходняй Беларусі прыйшоў савецкі таталітарызм".
Паводле яго слоў, "вызваленнем такое называць не толькі няправільна, але і кашчунна". Пашкевіч не выключае, што ў выніку цяперашнім рэжымам дата будзе настолькі "запэцканая", што ў будучыні "не будзе ўспрымацца пазітыўна ці хоць бы нейтральна".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.