Пасля публікацыі Еўрарадыё на могілках паставілі помнік забітым салдатам
Улады з Рэчыцкага раёна выканалі абяцанне добраўпарадкаваць агароджу і належным чынам увекавечыць памяць пра загінулых воінаў Другой сусветнай.
Еўрарадыё апублікавала ліст жыхароў Рэчыцкага раёна летась у траўні. Людзі распавядалі пра могілкі каля вёскі Падроўнае, якая ўжо знікла. Там амаль спарахнела драўляная агароджа. У даволі занядбаным стане быў і помнік салдатам, якія падчас вызвалення Беларусі ў 1944 годзе гінулі ў полі ля могілак.
Тады пра вырашэнне праблемы заявіў кіраўнік Заспенскага сельвыканкама Сяргей Зелянкоўскі і чыноўнікі з Рэчыцкага райвыканкама. Агароджу ля могілак аднавілі ўжо праз некалькі месяцаў. А што тычыцца помніка, яго паставілі на ўлік. Аказалася, што памяць загінулых у свой час уласнымі сіламі ўшанавалі мясцовыя жыхары.
Вось як выглядалі могілкі напрыканцы вясны 2014 года.
Вось якія пераўтварэнні адбыліся праз некалькі месяцаў.
Гэты фотаздымак новага помніка салдатам зроблены сёлета ў жніўні.