Пасля вяртання з Італіі беларуску не пускаюць на працу: баяцца каранавіруса

Пасля вяртання з Італіі беларуску не пускаюць на працу: баяцца каранавіруса

Мінчанку Наталлю Ладуцька працадаўца не хоча пускаць на працу пасля паездкі ў Італію, піша "Новы Час". 

Жанчына працуе бухгалтаркай у прыватнай кампаніі. Нядаўна яна ездзіла з расійскім тураператарам у тур па карнавалах Еўропы. Сярод іншага наведвала і Італію, дзе ў мінулыя выходныя зарэгістравалі ўспышку каранавіруса і цяпер прымаюць павышаныя меры бяспекі. 

Пасля яе вяртання ў Беларусь дырэктар кампаніі забараняе жанчыне выходзіць на працу і патрабуе, каб яна прайшла 14-дзённы каранцін за кошт свайго адпачынку. Па словах Ладуцька, кіраўнік спасылаецца на тое, што ў паўночнай Італіі, дзе яна была, увялі каранцін. Таму яна, маўляў, таксама павінна прайсці каранцін альбо здаць аналізы на праверку наяўнасці віруса.

Мінчанка кажа, што ні на адной мяжы да яе пытанняў не ўзнікала: "Спакойна перасеклі мяжу з Аўстрыяй, ніякага кантролю на мяжы не было, вечарам перасеклі мяжу з Чэхіяй, таксама ніякага кантролю. Сёння без праблем прайшлі польскую мяжу. Паралельныя групы звязаліся з кіраўніком нашай групы і распавялі, што без праблем прыляцелі ў Маскву, там таксама ніякага кантролю або павышанай увагі да іх не было".

Праблемаў са здароўем жанчына не адчувае, таму ў каранцін за свой кошт ісці не хоча.

Дырэктар кампаніі Аляксандр Свідзерскі пацвердзіў "Новаму Часу", што сапраўды прапанаваў Наталлі пабыць у 14-дзённым каранціне. Ён дадаў, што кампанія можа аплаціць ёй абследаванне. 

"Калі яна не разумее, што пандэмія ўжо тут, то мне вельмі шкада. Калі нехта можа спыніць вірус, ён павінен гэта рабіць, кожны на сваім працоўным месцы. Вы думаеце, вірус не гуляе ў Беларусі? Ды яго тысячы, проста ніхто яшчэ не звяртаўся. Трэба гэта спыняць, можна знайсці кампраміс, па пагадненні бакоў, а не так, што я прыехала з Італіі, прыйду і ўсіх вас заражу", — тлумачыць Свідзерскі свае матывы.

Прававы інспектар працы незалежнага прафсаюза РЭП Леанід Судаленка лічыць гэта дыскрымінацыяй з боку кіраўніка фірмы. Працоўнае заканадаўства, падкрэслівае ён, не прадугледжвае такіх сітуацый. І на каранцін адправіць работніка можна, маўляў, толькі за кошт працадаўцы.

Як паведамлялася раней, 27 лютага ў Беларусі афіцыйна зарэгістраваны першы выпадак каранавіруса. Яго выявілі ў іранскага студэнта, які прыляцеў у Мінск праз Баку. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі