Пасля выбуху пад Северадзвінскам перадачу даных спынілі 4 маніторынгавыя станцыі
Пасля выбуху пад Северадзвінскам перасталі перадаваць даныя ўжо чатыры расійскія маніторынгавыя станцыі. Пра гэта піша The Wall Street Journal (WSJ) са спасылкай на сакратара Арганізацыі Дамовы аб усёабдымнай забароне ядзерных выпрабаванняў Ласіна Зэрбо.
"Новая газета" нагадвае, што 10 жніўня перасталі выходзіць на сувязь станцыі ў Дубне і Кіраве. 13 жніўня спынілася перадача даных са станцый у Білібіне (Чукотка) і Залесаве (Алтайскі край). Зэрбо падкрэсліў: "Эксперты працягваюць звяртацца да расійскіх калег, каб яны як мага хутчэй аднавілі працу".
Раней расіяне казалі, што перадача даных спынілася, бо на станцыях узніклі "праблемы з сеткай і сувяззю".
Маніторынгавыя станцыі — гэта частка міжнароднай сеткі, створанай для праверкі выканання Дамовы аб усёабдымнай забароне ядзерных выпрабаванняў. Станцыі адсочваюць усё — ад сейсмічных зрухаў да ядзернай актыўнасці.
Выбух на марской платформе ў акваторыі Белага мора каля Северадзвінска адбыўся 8 жніўня. Пазней стала вядома, што трагедыя здарылася падчас выпрабаванняў найноўшай ракеты з радыеізатопнай крыніцай сілкавання. Ад выбуху загінулі сем чалавек, яшчэ некалькі пацярпелі.
У дзень інцыдэнту Расгідрамет зафіксаваў нядоўгае трохразовае перавышэнне нормы радыяцыі. Аднак яго потым патлумачылі праходжаннем воблака радыеактыўных інертных газаў. Нязначнае перавышэнне радыяцыйнага фону таксама зафіксавалі на памежнай з Расіяй нарвежскай станцыі Сванхоўд.