Пасля загаду Лукашэнкі "пасыпаліся" навіны пра кантрафактны алкаголь

Пасля загаду Лукашэнкі "пасыпаліся" навіны пра кантрафактны алкаголь

Пасля загаду Аляксандра Лукашэнкі цягам сутак адмяніць забарону на продаж алкаголю ўначы "пасыпаліся" навіны пра кантрафактны алкаголь. У Мінску выхавацелька дзіцячага садка везла ў сваім аўтамабілі 108 літраў нелегальнага алкаголю на суму каля 700 долараў. У Аршанскім раёне затрымалі жыхара Брэсцкай вобласці, які на машыне вёз 2 тысячы бутэлек гарэлкі, у тым ліку і сфальсіфікаванай. У Гомельскай вобласці спынілі "Пежо", у якім яшчэ двое жыхароў Брэстчыны везлі паўтысячы бутэлек кантрафактнай гарэлкі і 76 каністраў спіртазмяшчальнай вадкасці.

Цікава, што ў зводках МУС за два апошнія тыдні няма ніводнай згадкі пра кантрафактны алкаголь (былі толькі некалькі згадак пра самагоншчыкаў, але яны там з'яўляюцца рэгулярна). І вось 3 кастрычніка на сайце міністэрства з'яўляецца інфармацыя, якая пачынаецца наступнымі словамі: "Супрацоўнікі органаў унутраных спраў рэспублікі працягваюць мэтанакіраваную працу па выяўленні каналаў паступлення фальсіфікаванай алкагольнай і спіртазмяшчальнай прадукцыі з тэрыторыі Расійскай Федэрацыі". Падкрэсліваецца, што з больш чым 15 тысяч літраў фальсіфікаванай алкагольнай прадукцыі і амаль 70,5 тысячы літраў спірту, канфіскаваных у студзені-жніўні 2018-га, большасць прадукцыі ўвозілася менавіта з Расіі.

Як паведамляла Еўрарадыё, 2 кастрычніка Лукашэнка распарадзіўся на працягу сутак адмяніць абмежаванні на продаж алкаголю ўначы з 23.00 да 07.00. Такая забарона была ўведзеная ў парадку эксперыменту з 1 кастрычніка ў сталіцы і месцамі на раённым узроўні. Мінгарвыканкам аператыўна адмяніў сваё рашэнне пра начны "сухі закон". Кіраўнік дзяржавы лічыць, што змагацца з п'янствам і алкагалізмам трэба не аднабокімі забаронамі, якія толькі прыводзяць да росту ценявога рынку і крымінальнай сферы, у тым ліку да павелічэння прапановы кантрафактнай прадукцыі. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі