Пасля закрыцця "Баброўнікаў" на мяжы з ЕС павялічыліся чэргі
Чарга ў пункце пропуску / @gpkgovby
Пасля закрыцця пункта пропуску "Баброўнікі" (Бераставіца) на беларуска-польскай мяжы чэргі на іншых пунктах пропуску выраслі. Пра гэта кажуць у беларускім Дзяржаўным памежным камітэце.
Колькасць легкавых аўто, якія едуць у ЕС, за выходныя вырасла на 16%, грузавых — на 20%.
У Памежным камітэце таксама кажуць пра затрымкі на іншых пунктах пропуску. Так, у пункце пропуску на польска-беларускай мяжы "Тэрэспаль" (Брэст) за суткі аформілі толькі 32% легкавых аўтамабіляў ад нормы. Трошкі хутчэй (61% ад нормы) афармлялі легкавушкі ў пункце пропуску "Райгардас" (Прывалка) — гэта на мяжы з Літвой.
Чэргі з грузавікоў стаяць перад пунктамі пропуску "Кукурыкі" (Казловічы) на беларуска-польскай, а таксама "Райгардас" (Прывалка) і "Мядзінінкай" (Каменны Лог) на беларуска-літоўскай мяжы. Тут таксама за суткі афармляецца толькі 44% фур ад нормы, адзначылі ў ГПК.
Рух у пункце пропуску "Баброўнікі" польскі бок спыніў ў пятніцу, 10 лютага. Патлумачылі гэта "меркаваннямі нацыянальнай бяспекі". Пры гэтым назіральнікі адзначаюць, што рашэнне было прынятае на наступны дзень пасля прысуду палітвязню, польскаму актывісту Анджэю Пачобуту. Беларускі суд асудзіў яго на 8 гадоў. Цяпер на беларуска-польскай мяжы застаецца адзін пераход пад Брэстам, дзе дзейнічаюць два асобных пункта пропуску для грузавога транспарту і іншых відаў транспарту.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.