“Пасрэдствам срэдств” ад “РСП”: агляд альбома, які яшчэ не выйшаў

“Пасрэдствам срэдств” ад “РСП”: агляд альбома, які яшчэ не выйшаў

Трэці паўнафарматны альбом “Разбітага сэрца пацана” “Пасрэдствам срэдст” мусіў з’явіцца яшчэ вясной. Пра гэта заяўлялася напрыканцы 2014 года падчас прэзентацый песні “Что-то не так” і кліпа на “Вам, наркаманам”. Абодва хіты, дарэчы, трапілі на пласцінку, прычым, без заўважных зменаў, менавіта ў тым выглядзе, у якім іх палюбілі аматары гурта. Але, як гэта звычайна і бывае з рэлізамі “РСП”, усё зацягнулася, і новы дыск афіцыйна выйдзе у пятніцу, 13 лістапада. Цяпер музыкі спрабуюць “адбіць гукарэжысёра”, збіраючы грошы праз краўдфандынгавую платформу. Адбіць пакуль удалося на 10 мільёнаў.

За некалькі дзён да прэм’еры альбом трапіў у рукі Еўрарадыё, і вось, што мы там пачулі.

"РСП" ужо даўно абяцаюць перайсці на адну з афіцыйных дзяржаўных моў Беларусі. Такім чынам хлопцы плануюць нарэшце пазбавіцца ад несур’ёнага ўспрыняцця іх высокай лірыкі. Але пакуль нешта не так. Неафіцыйная дзяржаўная і самая папулярная ў народзе мова — трасянка — пакуль застаецца асноўнай і на новым альбоме. Не апраўдваюць сталічныя балакі і чаканні прыцягнуць да ўдзелу ў запісе альбома мангольскі народны аркестр, пра які казалі яшчэ падчас падрыхтоўкі папярэдніка “Не налівай”. Хоць першы крок зроблены: дыск адкрывае трэк з гучнай і паказальнай назвай Intro, дзе вакаліруе, па словах саміх музыкаў, гастарбайтар з нейкай усходняй краіны.

А калі сур’ёзна, то “Разбітае сэрца пацана” з аднаго боку трымае марку сябе класічных, з іншага ― шукае сябе новых. Адсюль шмат цікавых і прагрэсіўных эксперыментаў, якія могуць быць успрынятыя неадназначна. "РСП" у новым альбоме ўжо не калдыры з аграгарадка, а адзінокія хіпстары.

А цяпер пра кожны з 14 трэкаў падрабязней:

1. Intro

“Я очень кучаю тебе! Ты очень красівая девушька! Паджалуста! Я очень-очень кучаю тебе!” — такімі словамі адкрываецца дыск “Пасрэдствам срэдств”. Нарэшце “Разбітае сэрца пацана” не зацыкліваецца на амурных перажываннях беларусаў і выходзіць за межы нашай краіны. Што праўда, пакуль толькі на адну песню і без асаблівых дэталяў, але эмацыйна і пранікнёна, так бы мовіць ад душы.

2. "Деталі"

“Фа-фа-фа”! Карацей, усё распадаецца на дэталі, кагосьці ласкалі губы і ў выніку няма нічога, “ні сасісак у цесце, ні госкіно, ні гітарыстаў”… Добра што пра ўдарнікаў ды клавішнікаў нічога няма. Яны і робяць гэты трэк.

3. "Электрычка"

Модны магілёў-стайл з брытанскім гітарным прывітаннем! Дадайце сюды шчымлівы тэкст пра цёцю Тамару, якая мае праблемы з алкаголем і працуе тэхнічкай, а марыла быць біялагічкай, мацемацічкай, інфармацічкай ды фізручкай, і атрымаеце новы хіт “РСП”.

4. "Эліпс"

“Ты ў дзерме слегка — не беда! Голубь міра гадзіць на правада, на людзей, машыны, дама — в мірных угнаеннях мая страна”.

У прынцыпе, гэтым усё сказана. Паша Гарадніцкі ўмее выконваць такія вось песні, калі сарказмам прасякнуты ўвесь тэкст, а ўсміхнуцца няма як, бо ў голасе такі шчыры боль і туга… а яшчэ ўзмоцненыя аранжыроўкай… “Па павер’ю эта к дзеньгам, значыць мы багаты, хвала Багам!” Троххвілінная псіхадэлічная мантра ў стылі ранніх Pink Floyd.

5. "Незавісімая"

Песня-рэакцыя на феміністычныя інтэрнэт-задзвігі. Напэўна… Ужо бачу заплаканых асобаў з бакалам віна перад люстэркам. А ў пакоі на максімальнай гучнасці: “Я ўродзе тоже не дура, а нету любві”.

6. "Ты бросіла себя"

Гэты трэк ужо вядомы аматарам “Разбітага сэрца пацана”. Хлопцы нават паспелі зняць на яго кліп. Па песні можна скласці даволі дакладнае ўяўленне пра альбом, бо яна роўненька трапляе і ў стылістыку, і ў агульнае гучанне дыска.

7. "Лета"

Яшчэ адзін ужо вядомы трэк. Ён быў прэзентаваны не так даўно, як замануха перад альбомам. Самі музыкі лічаць яго наступным мега-хітом, але… хіба для тых, хто змагаецца з адзінотай і алкагалізмам!? І кожную раніцу пачынае словамі: “Куртку б на зіму купіць, но не піць, но не піць, но не піць”.

8. "Тамагочы"

Мядляк пра каханне, ад якога засталася японская цацка з 90-х. Запамінальны гітарны рыф і яшчэ адно прывітанне Сіду Барэту і ўсім 1960-м.

9. "Што-та не так"

Песня, якая ўзарвала інтэрнэт напрыканцы 2014 года. Яшчэ адзін нумар альбома жорсткую беларускую рэчаіснасць. Рэакцыя на здымкі сцэн да фільма “Мы браты”, якія нагадваюць мітынг 2010 года. Самі пратэстныя лозунгі “Што-та не так” і “Мы супраць”, якія прыдумалі стваральнікі стужкі, у выніковы варыянт “першага беларускага блокбастэра” не трапілі. Але, дзякуючы “РСП”, гэты абсурд застанецца ў памяці надоўга.

10. "Агрэсар"

Еслі вайна с Амерыкай, то я здамся — немнога ў плену і двайное гражданства. Еслі вайна з Еўропай, то я збегу к любому агрэсару, к любому врагу.

Непартыятычы дыска-фанк.

11. "Скарацечнасць"

У пройгрышах песні праходзіць інструментальны рэфрэн нірванаўскай "Smells Like Teen Spirit". Яно і не дзіўна, бо ў тэксце ўзгадваецца лідар культавага гурта: “Куртам не стаць Кабэйнам, Цоя мне не дагнаць, Хендрыкса на гітары мне не пералабаць…” — хутчэй за ўсё, менавіта гэты радок і тлумачыць выбар цытаты для песні РСП… з Куртам неяк усё папрасцей. Агулам жа трэк глыбока сацыяльны і мог бы стаць нармальнай такой рэп тэмай. Ну, а галоўная думка усё ж: “Мы ўсе за перамены, но сем’я, крэдзіт, пельмені”.

12. "Я бы вдул"

Шчыра кажучы, на альбоме гэты трэк падаецца лішнім. Справа не ў тым, што ён неяк выбіваецца з агульнага гучання, не! Проста яшчэ ў 2012 годзе на вялікім сольным канцэрце ў “Мулен Руж” хлопцы яго выконвалі ўпершыню. Тады яшчэ нават з дуэтам "ЭВМ" усё было ў парадку, і падчас традыцыйнага распранання наведвальнікаў у майтках застаўся журналіст Паша Свярдлоў. Карацей, гэта было вельмі даўно, таму чуць “Я бы вдул” на НОВЫМ альбоме — дзіўна.

13. "Вам, наркаманам"

Сапраўдны гімн! Нягледзячы на тое, што ён ужо больш за год “у эфіры”, прыесціся не паспеў. Сапраўды інструментальна круты і вясёлы трэк. Галоўнае помніць, што: “Вам, наркаманам, нас алкаголікаў не паняць!”.

14. Outro

Тое ж самае, што і Intro, але гастрабайтара ўжо дэпартавалі!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі