Пастаўкі “Martini” у Беларусь адновяцца не раней за пачатак 2009 года

З прылаўкаў беларускіх крамаў адзін за адным знікаюць алкагольныя брэнды. Найперш заўважная адсутнасць сусветна вядомых назваў – такіх, як “Martini”. Месца эліксіраў “не для ўсіх” займаюць “адпаведнікі” без стогадовых пантоў і віна, вядомыя ў народзе, прабачце, як “смачныя і недарагія”. Але думаць, што імпарт алкаголю ў Беларусь скарачаецца, было б памылкай. Аб’ёмы ўвозу захоўвае нават УП “Мінскі холадакамбінат №1” – самая экзатычная з нешматлікіх юрыдычных асобаў, якіх дзяржава забяспечыла правам імпартаваць у Беларусь спіртныя напоі. “Еўрарадыё” датэлефанавалася да намесніка дырэктара гэтага прадпрыемства:

Лідзія Міхайлаўна, нам. дырэктара УП “Мінскі холадакамбінат №1”: “Гэта не наш асноўны від дзейнасці, ён у нас дадатковы. Імпартуем мы вінаградныя віна, пеністыя віна, каньякі і лікёры. Значыць, ёсць Малдавія, Арменія, зараз будзем імпартаваць з Польшчы. Яшчэ віна ў нас ёсць чылійскія, аргентынскія, з Каліфорніі, з Іспаніі… Вось”.

Геаграфія паставак алкаголю за апошнія месяцы змянілася вельмі істотна. Заўважна, што беларускія імпарцёры паступова адмаўляюцца ад супрацоўніцтва са спрадвечнымі цэнтрамі вінаробства: Італіяй, Іспаніяй, Францыяй – на карысць вытворцаў больш таннага віна – Малдовы і Польшчы.

“Martini”, які ні ў Малдове, ні ў Польшчы афіцыйна не вырабляецца, у беларускіх крамах складана знайсці з іншых прычынаў. Сітуацыю з пастаўкамі гэтага вермуту патлумачыў топ-мэнэджар адной з кампаній, што хацела б займацца яго імпартам у Беларусь. Але – не ўвайшла ў лік тых, каму дзяржава надала выключнае права на ўвоз алкагольных напояў.

Прадстаўнік кампаніі-імпарцёра, пазбаўленай права на імпарт: “Прычына адна: усе вядомыя алкагольныя брэнды даюць права на імпарт у пэўныя часткі свету канкрэтным кампаніям. Адпаведна, “правы на рынак” па тых брэндах, якія імпартавалі мы, ёсць у нашай кампаніі. Але нам правоў на ўвоз алкагольнай прадукцыі не далі".

Наш каментатар папрасіў карэспандэнтаў “Еўрарадыё” прыбраць з тэксту рэпартажу і яго прозвішча, і назву кампаніі, якой ён кіруе. Боязь “падставіцца” характэрная нават для тых, у каго ёсць права на імпарт.

Вось што на пытанне “Куды дзяюцца з беларускіх крамаў элітныя алкагольныя брэнды?” карэспандэнту “Еўрарадыё” адказалі ў кампаніі “ПерноРикарМинск”, якая, між іншага, возіць у Беларусь каньякі, віскі, ром і джын:

Супрацоўніца “ПерноРикарМинск”: “Гэтае пытанне не да мяне, бо я не займаюся вызначэннем квотаў і ўсяго іншага… Калі вас цікавіць пытанне: “Чаму на рынку няма прадукцыі, патрэбнай спажыўцу?” – гэта не да нас. Мы б з радасцю чым-небудзь гандлявалі, калі б у нас была такая магчымасць”.

Такім чынам, пастаўкі “Martini” у Беларусь могуць аднавіцца не раней за пачатак 2009 года. І гэта адбудзецца толькі тады, калі імпарцёр “Martini” апынецца ў ліку пераможцаў “Конкурсу на вызначэнне алкагольнай прадукцыі з правам яе ўвоза ў Рэспубліку Беларусь”, абвешчанага Міністэрствам гандлю. Тое самае і з іншымі спіртнымі напоямі, на з’яўленне якіх у крамах ужо страчвае надзею беларускі пакупнік.

Для даведкі: у Варшаве “Martini” можна знайсці ў кожным прадуктовым універсаме, не кажучы ўжо пра спецыялізаваныя крамы. Каштуе ён 30–32 злотых – не так ужо і дрэнна супраць адсутнасці гэтага напою ў Беларусі. Іншы вермут – “Cinzano” – каштуе 19–20 злотых (17-18 тысяч рублёў). Але ў самым цэнтры Мінску – у краме “Штопор” – ён прадаецца па 39 тысяч рублёў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі