Паўла Вінаградава “выпусцілі” з Акрэсціна на міліцэйскай машыне

Грамадскі актывіст павінен быў выйсці з ізалятару 12 кастрычніка а 13.10 пасля 15 сутак арышту. Пад сцены турмы яго прыйшлі сустракаць жонка, бацька, некалькі сяброў, а таксама лідар кампаніі “Гавары Праўду!” Уладзімір Някляеў. За прысутнымі назірала вялікая колькасць міліцыянтаў.



Аднак у прызначаны час вязень не выйшаў. Жонка Паўла патэлефанавала ў дзяжурную частку ізалятара і там яе запэўнілі, што ён выйшаў паводле графіку. Прыкладна а 13.30 Павел сам датэлефанаваўся да сваякоў і паведаміў, што яго вывезлі з турмы на машыне і  завезлі ў пасёлак Сокал ля аэрапарта. Тэлефон ён пазычыў у мінака, бо пазваніць са свайго не мог.



Лідар арганізацыі Zмена Павел Вінаградаў 27 верасня быў затрыманы каля пад’езду свайго дому — ён вяртаўся з чарговай крэатыўнай акцыі, якую ён зладзіў са сваімі паплечнікамі. Удзельнікі акцыі стаялі на плошчы Якуба Коласа з плакатамі і свінымі галовамі.



За апошні год Вінаградаў з’яўляўся перад судом больш за 10 разоў і адседзеў звыш 80 сутак адміністрацыйнага арышту.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі