Палітвязня Паўла Вінаградава перавялі ў Баранавіцкі СІЗА
Павел Вінаградаў / facebook.com/pavel.vinogradov.12
Палітзняволенага актывіста Паўла Вінаградава перавялі ў Баранавіцкі СІЗА, паведамляюць праваабаронцы.
16 сакавіка Мінскі абласны суд прысудзіў яго да пяці гадоў калоніі. Вінаградава абвінавачвалі паводле трох артыкулаў КК РБ: распальванне сацыяльнай варожасці (арт. 130 КК РБ), паклёп на прэзідэнта (ч. 2 арт. 367 КК) і арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх (арт. 342 КК). Прыкметы ўсіх гэтых злачынстваў следчыя, а затым і суд разгледзелі ў эмацыйным пасце ў Фэйсбуку. Суд праходзіў у закрытым рэжыме.
Апошнія гады актывіст жыў у Беразіне. Там яго і затрымалі 22 снежня 2021 года. Пасля суда ён апублікаваў іранічны аповед пра тое, як гэта адбывалася. І нагадаў, што самыя доўгачаканыя для яго прывітанні — гэта сала і цукеркі.
Вінаградаў — блогер, тэлевядоўца, актыўны ўдзельнік дэмакратычнага руху. У 2008-м за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў яго асудзілі на два гады абмежавання волі, а ў 2011 годзе за Плошчу — на чатыры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.