Гараўскі назваў камандзірам "эскадрона смерці" Паўлічэнку. Першыя каментары апошняга былі супярэчлівыя: ён то памятаў Гараўскага, то не памятаў. Цяпер жа ў заяве, змешчанай на сайце асацыяцыі ветэранаў падраздзяленняў спецпрызначэння войскаў МУС "Честь", яе старшыня Дзмітрый Паўлічэнка прызнае, што быў знаёмы з Юрыем Гараўскім.
Паўлічэнка называе заявы і абвінавачанні Гараўскага "лжывымі і скандальнымі", "неабгрунтаванымі". Паводле яго слоў, іх мэта — зганьбаваць Дзмітрыя Паўлічэнку і спецназ агулам. Аўтар заявы ўспомніў, што Юрый Гараўскі "праходзіў службу ў адным з падраздзяленняў брыгады аператыўнага прызначэння ў[нутраных] в[ойскаў] МУС РБ у 90-х гадах мінулага стагоддзя". Паўлічэнка падкрэслівае, што Гараўскі здзейсніў крымінальнае злачынства і быў асуджаны ў канцы 1999-га. Такім чынам, у час знікненняў Захаранкі, Ганчара і Красоўскага (травень і вераснь 1999-га) ён знаходзіўся на волі.
Сам Гараўскі ў першым інтэрв'ю DW змаўчаў пра свой тэрмін, які адбываў у СІЗА № 1, але прызнаўся пра яго ў другім. І сцвярджае, што выконваў заданне Паўлічэнкі, калі быў затрыманы.
"Ён зганьбіў нашы шэрагі і быў звольнены па дыскрыдытацыі высокага звання спецназаўца", — піша аўтар заявы. І прызнае, што на працягу некалькіх гадоў аказваў Гараўскаму матэрыяльную дапамогу "сродкамі, сабранымі на патрэбы ветэранаў".
Паўлічэнка: "Каюся перад вамі... Я праявіў залішняе шкадаванне і спагаду не да былога крымінальніка Гараўскага, а да хворага чалавека, які апынуўся ў роспачы, і былога таварыша па службе".
Кіраўнік асацыяцыі заклікае ветэранаў спецназву і цяпер праяўляць цярплівасць "да хворага душой і целам" Юрыя Гараўскага, які нашкодзіў сваімі заявамі найперш сабе. "Час пакажа і рассудзіць", — піша Дзмітрый Паўлічэнка.
У заяве таксама змешчана папярэжджанне людзям, якія не маюць дачынення да спецназу і ветэранскай арганізацыі, каб яны не рабілі ніякіх заяваў, не склікалі прэс-канферэнцыі і г. д. Паўлічэнка папярэдзіў іх пра адказнасць перад законам.
"У гэтай сітуацыі рацыю будзе мець той, хто скажа апошняе слова", — мяркуе палкоўнік запасу.