Паўночная Карэя раіць Беларусі забяспечваць эканамічныя і сацыяльныя правы народа

Розныя краіны, у межах ААН, даюць парады Беларусі ў галіне правоў чалавека. Беларусь таксама дае свае парады розным краінам. Усё гэта аб'ядноўваецца ў адну базу. Парады не з'яўляюцца абавязковымі для выканання. Але краіны могуць даваць свой адказ.

 
Паўночнай Карэі Беларусь рэкамендуе караць праваахоўныя органы за парушэнне правоў чалавека, працягваць ствараць грамадства, вольнае ад злачынстваў, і ствараць павагу да закона ў грамадстве.
 
Нам Паўночная Карэя раіць працягваць свае намаганні па забеспячэнні эканамічных і сацыяльных правоў народа, нягледзячы на сусветны фінансавы крызіс. І працягваць працу па падвышэнні статуса жанчын у грамадстве.
 
Кубе мы раім працягваць працу сярод міжнароднай супольнасці, каб тая адмовілася ад аднабаковых санкцый, у тым ліку незаконнай блакады "выспы свабоды". Куба прыняла да выканання. Нам жа наказвае працягваць абараняць сацыяльныя і культурныя правы неабароненых слаёў насельніцтва. І скарачаць колькасць дзяцей, якія засталіся без бацькоў.
 
Венесуэла і Беларусь правы чалавека разумеюць па-свойму. Мы, як абарону дзяцей, у тым ліку бяздомных, і змаганне супраць гандлю людзьмі. Таму і раім венесуэльцам распрацаваць дзяржпраграмы ў гэтай галіне. Для Венесуэлы правы чалавека — гэта паспяховая сацыяльная палітыка.
 
Кітаю мы нічога не раім. Яны ж нам прапануюць працягваць міжнароднае супрацоўніцтва ў галіне правоў чалавека, але, зважаючы на нацыянальную сітуацыю. І працягваць замацоўваць гарантыі правоў жанчын.
 
Літве раім узмацніць дзяржпалітыку, накіраваную на забеспячэнне міжнацыянальнай згоды і культурнай адукацыі. А таксама расследаваць таемнае ўтрыманне пад вартай людзей, пра гэтыя факты раней паведаміў "Вікілікс". Яшчэ адзін пункт — барацьба з гандлем людзьмі. Першую параду Літва прымае, на другія дзве дае агульны адказ.
 
Беларусі Літва дае больш парадаў. Сярод тых, якія Беларусь прыняла: 
 
Працягваць дзейнасць у забеспячэнні правоў жанчын і гендэрнай роўнасці. Распрацаваць спрыяльныя умовы для дзейнасці НДА і палітычных партый, у тым ліку спрасціць рэгістрацыю. Абарона журналістаў і стварэнне спрыяльных умоваў для працы свабодных СМІ, у тым ліку спрашчэнне рэгістрацыі і акрэдытацыі. Пашырыць супрацоўніцтва з органамі ААН, у прыватнасці рэалізацыі іх рэкамендацый і рашэнняў.
 
Статус — "Rejected", стаіць насупраць парадаў Літвы:
 
Аб неабходнасці рэалізацыі выбарчага заканадаўства згодна з міжнароднымі стандартамі АБСЕ. Увесці мараторый на смяротнае пакаранне, з мэтай поўнай адмены. Спрашчэнне выдачы дазволаў для правядзення сходаў.
 
Польшчы даём цэлых 7 парадаў. Насупраць усіх стаіць — прынята.
 
Раім актывізаваць меры па барацьбе з праявамі антысемітызму і расізму, у тым ліку з боку паліцыі. Правесці усебаковае расследаванне прымянення празмернай фізічнай сілы супрацоўнікамі паліцыі да ўдзельнікаў дэманстрацый, якія праходзілі ў Польшчы ў лістападзе 2011 года. Правесці комплекснае расследаванне ўсіх парушэнняў правоў чалавека ў кантэксце барацьбы з тэрарызмам. У тым ліку саўдзел польскіх уладаў у таемным утрыманні пад вартай асобаў, іх сакрэтнай перадачы і прымяненні катаванняў да іх.
 
Польшча дае тры кароткія парады — каб усе, у тым ліку праваабаронцы, маглі мірна рэалізоўваць сваё права на меркаванне і сходы, адмяніць крымінальную адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі і спрасціць рэгістрацыю арганізацый. А таксама гарантаваць праваабаронцам, партыям, прафсаюзам магчымасць працаваць без рэпрэсій, абмежаванняў, судовага пераследу і запалохвання. Насупраць усіх стаіць пазнака — "Accepted".
 
Фота: topwar.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі