Паўтара сутак у дарозе — з Мінска запускаюць цягнік у Самару
Чыгуначны вакзал у Мінску / @belrw_official
Беларуская чыгунка сумесна з калегамі з Расіі запускае цягнік Самара-Мінск. Гэта робіцца, як патлумачылі ў БЧ, "у мэтах умацавання транспартных сувязяў і развіцця міжнародных пасажырскіх перавозак паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй".
Час у дарозе складзе амаль паўтара сутак. З Мінска састаў будзе адпраўляцца ў пятніцу ўвечары, а прыбываць у Самару ў нядзелю раніцай. З Самары цягнік будзе выходзіць удзень у сераду, а ў Мінску ён будзе толькі позна ўвечары ў чацвер.
У першы рэйс цягнік № 275/276 адправіцца з Самары 14 чэрвеня, а "з Мінска ў Самару цягнік адправіцца 16 чэрвеня ў 21:57 і прыбудзе ў Самару 18 чэрвеня ў 8:56", расказалі ў БЧ. Квіткі ўжо ў продажы.
Нагадаем, у гарады краін ЕС беларускія цягнікі не ходзяць ужо чатыры гады. Спачатку зносіны перапыніліся праз пандэмію каранавіруса, а потым на фоне шматлікіх санкцый, уведзеных за падаўленне пратэстаў, пасадку самалёта Ryanair, падтрымку Расіі ў вайне супраць Украіны, рух цягнікоў так і не аднавілі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.