Павел Севярынец выйшаў з апазіцыйных праймерыз
Сустаршыня аргкамітэта партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Павел Севярынец заявіў, што выходзіць з працэдуры праймерыз.
"Сябры. Спыняю свой удзел у праймерыз. Кампанія адзінага не пагадзілася на адмену сустрэчаў з-за каранавіруса. Па-другое, ніякай рэакцыі на масавае галасаванне райвыканкамаў", — напісаў Севярынец у Фэйсбуку.
На праймерыз кааліцыя апазіцыйных партыяў мусіла выбраць адзінага кандыдата з пяці чалавек — Павел Севярынец, Юрась Губарэвіч, Аляксей Янукевіч, Вольга Кавалькова, Мікалай Казлоў. З гэтай мэтай яны аб'язджалі гарады Беларусі, дзе выступалі перад мясцовымі жыхарамі.
Севярынец трымаў лідарства ў праймерыз (339 галасоў), другое месца займаў кіраўнік руху "За Свабоду" Юрась Губарэвіч (201). Днямі Севярынец заявіў, што на выступы ў райцэнтрах прыходзяць чыноўнікі і сябры праўладнай арганізацыі БРСМ і галасуюць за Губарэвіча.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.