Павіншаваць амерыканца са 100-годдзем прыйшло 200 сабак. Ён пагладзіў кожнага!
"Я ніколі не бачыў, каб віляла столькі хвастоў" / pixabay
Суседзі зладзілі свята на 100-гадовы юбілей пажылога амерыканца, экс-дэкана універсітэта Роберта Мура. Мужчына вельмі любіць сабак, і павіншаваць яго прыйшло 200 чатырохногіх!
Роберт Мур жыве ў доме састарэлых, расказвае Fox News. Яго жонка і большасць сяброў ужо пайшлі з жыцця. Самай яркай падзеяй апошнім часам былі візіты дзяцей у дом састарэлых. Яны заўсёды прыводзілі з сабой свайго сабаку.
Але ў 2020 годзе сабака памёр. Ведаючы бацькаву любоў да жывёл, дзеці "пазычылі" сабаку ў сяброў і прыйшлі на госці з ёй.
А калі мужчыну споўнілася 100 гадоў, яго суседзі вырашылі зладзіць яму незвычайнае свята. Павіншаваць Роберта Мура прыйшло амаль 200 чалавек, якія прывялі з сабой столькі ж сабак! І ён змог пагладзіць кожнага сабаку.
"Я ніколі не бачыў, каб віляла столькі хвастоў", — сказаў Роберт Мур.
Многія з гасцей гэтага незвычайнага дня нараджэння раней не былі знаёмыя з Робертам, але адгукнуліся на заклік прынесці трохі радасці ў дом састарэлых.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.