Pawa. "Pawa"
Дэбютная пласцінка этна-элекроннага праекта Pawa - сумеснай працы гурта Тestamentum Тerrae і Мікіты Седзянкова.
Неаднойчы датыкаючыся да электроннай музыкі беларускія этна-гурты спрабуюць такім чынам зарэкамендаваць сябе ў прагрэсіўнай плыні сусветнага музычнага мора. Адным з першых, хто спалучыў беларускую бабуліну песню з электроннымі бітамі і такім чынам адкрыў яе многім беларусам, быў гурт Палац. Паслухаўшы Dead Can Dance, Deep Forest, Enigma, Палац вынайшаў свой крыштальна чысты варыянт сумесі электронікі і этна і назваў яго фольк-мадэрнам, які шыкоўна прадэманстраваны ў альбомах каманды “Палац” і “Дарожка”. З часам перайшоўшы ў плынь лагоднага этна-року, “палацукі” зрабілі яшчэ адну спробу “электранізаваць” сваю творчасць, выдаўшы складанку дыскатэчных рэміксаў сваіх песень пад назвай “Таньчыць Палац” разам з дыджэям Рэям Хвісевічам.
palac-yak_paydu_ya___novuyu_kanyushnyu.mp3
Выйшаўшыя з лабараторыі Палацу KRIWI пачалі свой шлях таксама з электроннай асновы. Аранжыроўкі ранніх KRIWI славіліся слушным мінімалізмам, касмапалітызмам і любоўю да чалавецтва. Нездарма шмат для каго першы альбом “Hej-Loli” дагэтуль застаецца любімым у дыскаграфіі гурта, хоць у будучыні KRIWI неаднойчы звярталіся да электронікі.
Абапіраючыся на досвед калег, назіраючы за сусветнымі музычнымі тэндэнцыямі і проста слухаючы выдаўцоў – маўляў, наяўнасць рэміксаў у этна-альбоме гарантавала яму хоць нейкі поспех (хаця б пракруцяць на радыё) этна-гурты дадавалі разнастайнасці свайму рэпертуару рэміксамі. Гаворка ідзе пра сярэдзіну 2000-х. Праўда, рэміксы ў большасці выпадкаў рабіліся наступным чынам: дыджэй ці больш-менш дасведчаны ў электроннай музыцы чалавек браў песню гурта, апрацоўваў яе і даваў гатовы прадукт. То бок, ніякай сумеснай працы не вялося. Гурт жа цешыўся нечым новым і нібыта модным у сваёй гісторыі. Такім чынам, у шэрага этна-гуртоў з’явіліся рэміксы. Напрыклад, “Медуніца” ад T-Trider i Maksа Ratort у “Гуды”, “Вясна-красна” і “Салдацкая” ад “Логікі Метро” у “Яра”.
Кульмінацыяй электранізацыі беларускай бабулінай песні стаў дыск “Жар-жар” этна-трыа “Троіца”, зроблены разам з саўндпрадзюсарам Андрэем Жукавым і выдадзены ў 2008 годзе. “Троіца” шакіравала цяжкім гучаннем, багаццем сэмплаў і эфектаў, дадатковымі інструментамі. Альбом стаў не толькі ключавым у развіцці электроннага кірунку беларускай этна-музыкі, але і развіцці самога гурта. Заўсёдная "Троіца" ўстрапянулася, уздыхнула, адпачыла, рыкнула і пайшла сваім далейшым шляхам да “Зімачкі”.
Апошнім часам беларускія этна-меламаны застылі ў чаканні прэзентацый новых электронных праектаў спявачак гурта “Акана”: сумеснага праекту Ірэны Катвіцкай, музыкі Аляксея Варсобы (Port Mone) і саўндпрадзюсара Андрэя Жукава і “Шумы” ад Русі і Надзеі Чугуновай, якія мусяць распачаць наступны этап развіцця беларускай этна-электронікі.
І вось сярод гэтага ажыятажу з’явіўся новы электронны праект пад назвай Pawa з аднайменным дыскам. “Паву” робяць музыкі гурта Тestamentum Тerrae і музыка Мікіта Седзянкоў, і мэта іх – надаць старажытнай музыцы сучаснае адценне. Калі ўлічыць замкнутасць кола, у якім ствараюць гурты медыявальнага накірунку, то дыск, што ўключае восем апрацовак песень з альбома Тestamentum Тerrae “Англеза”, падаецца прарывам у актуальны свет і жаданнем эксперыментаваць. Калі ж параўноўваць альбом з вышэй узгаданымі працамі, то робіцца крыху сумна – новых думак на ім няма, і арыгінал падаецца нашмат цікавейшым за эксперымент. Такі мілы альбом, намаляваны простымі фарбамі без асаблівых адценняў і эмацыянальных кропак. Але аматарам Тestamentum Тerrae, Сярэднявечча і рыцараў спадабаецца.