Пайшоў з жыцця беларускі пісьменнік, сцэнарыст, перакладчык Алесь Жук
Алесь Жук / Міхась Скобла
Увечары 15 кастрычніка памёр пісьменнік, сцэнарыст, перакладчык Алесь Жук. Пра гэта паведіміў літаратар Міхась Скобла. Алесю Жуку было 75 гадоў. Ён вядомы як аўтар вострасюжэтнай прозы, працаваў ў літаратурных газетах і часопісах Беларусі, у тым ліку ў “Маладосць”, “Полымя”, “Літаратура і мастацтва”. Таксама пераклаў на беларуску мову аповесць "Сабачае сэрца" і раман "Майстар і Маргарыта" Міхаіла Булгакава.
— Памёр Алесь Жук, чые кнігі хочацца перачытваць. Асабліва люблю яго апавяданні, дзе ўсё да месца, усё суладна — і мова, і адносіны герояў, і ўмельства карыстацца метафарай, якое Міхась Стральцоў называў святам у будзень, — піша Скобла. — Алесь Жук для мяне майстар прозы ў класічным бунінскім разуменні. Апошнім часам пісьменнік даводзіў да ладу кнігу мемуарных эсэ пра тых, з кім яго зводзілі жыццёвыя дарогі. Дзейнымі асобамі той кнігі меліся стаць Мікалай Улашчык, Васіль Быкаў, Анатоль Кудравец, Яўгенія Янішчыц, Юрка Голуб... З Голубам яны сябравалі са студэнцкіх гадоў, і Алесь Аляксандравіч быў маім незаменным кансультантам падчас падрыхтоўкі Голубавай кнігі “Дыханне трыснягоў”. Радаваўся, калі яна нядаўна выйшла — з ягоным сяброўскім пасляслоўем…
Развітанне з Алесем Жуком адбудзецца 17 кастрычніка у рытуальнай зале на вул. Куляшова, 49, з 12.00 да 13.00.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.