Пазняк абвінаваціў Латушку — "не стрымаў купалаўцаў"

Зянон Пазняк у эфіры "Белсат" / reform.by
Зянон Пазняк у эфіры "Белсат" / reform.by

Кандыдат у прэзідэнты Беларусі 1994 года Зянон Пазняк абвінаваціў былога дырэктара Купалаўскага тэатра Паўла Латушку ў разбурэнні трупы. На думку палітыка, Латушка павінен быў прадухіліць дэмарш акцёраў, якія выступілі ў яго падтрымку, каб яны маглі працягнуць змагацца з рэжымам сваім мастацтвам.

"Рэжым яго звольніў за недагляд настрояў у тэатры. Гэта абурыла актораў. Тут жа ўзнік абсурдны покліч звальняцца з тэатра ў знак пратэсту. На гэта наклалася яшчэ абурэнне за забойствы мірных дэманстрантаў рэжымнымі карнікамі, за хапун і катаванні людзей. Акторы часта людзі імпульсіўныя. Латушка не паўстрымаў купалаўцаў, не патлумачыў, не прадухіліў памылковых разбуральных дзеянняў. Праўда, можа, ён не разумеў, што робіцца і што будзе. Але гэта не мяняе справы", напісаў палітык у сваім фэйсбуку. 

На думку Пазняка, Купалаўскі тэатр "сам паставіў сябе пад разгром". Маўляў, трэба было патрываць і захаваць трупу нават у невыносных умовах.

"Трэба было адчуваць адказнасць за лёс беларускай сцэны і зберагчы калектыў. Час мінае, і мастацтва мусіць быць", — перакананы Пазняк. 

Дарэчы, на днях прэтэнзіі да Паўла Латушкі выказала актрыса і жонка міністра замежных спраў Вера Палякова заявіўшы, што былы дырэктар "выцер аб найстарэйшы тэатр краіны ногі".

"Гэта адзінае, чаго я яму ніколі не дарую, што ён выцер ногі аб Купалаўскі тэатр. Што ён разбурыў стогадовую гісторыю тэатра, ён вывеў гэтых людзей і кінуў іх. Вось гэтага я яму не дарую ніколі. Так, яны не авечкі, яны, напэўна, разумелі, што робяць. І я не авечка", — сказала Палякова.

Павел Латушка звольнены з пасады дырэктара Купалаўскага тэатра 17 жніўня 2020 года — ён падтрымаў акцёраў, якія выходзілі на мірныя акцыі супраць гвалту. У знак пратэсту вядучыя акторы і рэжысёры тэатра напісалі заявы на звальненне. На прыканцы жніўня з тэатра звольнілася 58 чалавек.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі