Пазняк заклікае не прапусціць расійскіх байкераў па Беларусі (відэа)
Намеры байкераў ён называе не проста правакацыяй, а нахабнай пазіцыяй людзей, для якіх няма нічога святога.
Лідар Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Зянон Пазняк заклікае не дапусціць праезду расійскіх байкераў па тэрыторыі Беларусі. Адпаведны зварот палітык абнародаваў на YouTube.
Нагадаем, што некалькі дзён таму прадстаўнікі расійскага байкерскага клуба "Начныя ваўкі" абвясцілі, што хочуць правесці мотапрабег Масква — Берлін. Іх маршрут пралягае праз Мінск, Брэст, Вроцлаў, Брно, Браціславу, Вену, Прагу, Мюнхен і іншыя еўрапейскія гарады. Акцыя прымеркаваная да 70-годдзя Перамогі. Намеры байкераў выклікалі пратэст у многіх еўрапейскіх краінах, бо акурат гэты клуб дзейнічаў у Крыме перад пачаткам расійскай акупацыі. Яго кіраўнік Аляксандр Залдастанаў (Хірург) з'яўляецца ініцыятарам руху "Антымайдан" і ўваходзіць "чорны спіс" ЕС.
У сваім звароце Пазняк назваў планы расійскіх байкераў "не проста правакацыяй, а нахабнай пазіцыяй людзей, для якіх няма нічога святога". "Гэтыя людзі, якія ўдзельнічалі ў акупацыі Украіны, якія выказвалі фашысцкія лозунгі, хочуць праехаць з імперскімі сцягамі па Беларусі, якая страціла столькі людзей падчас апошняй вайны", — кажа палітык.
Пазняк заклікае беларускае грамадства не дапусціць, каб па Беларусі праехала "фашысцкая група". На яго думку, гэтая акцыя — праверка, ці можна ў Беларусі паўтарыць тое, што было ў Крыме.
Дарэчы, байкеры з беларускага аддзялення мотаклуба "Начныя ваўкі" збіраюцца сустрэць удзельнікаў мотапрабегу на расійска-беларускай мяжы і суправадзіць іх да мяжы з ЕС, адзначае БелаПАН. Прадстаўнікі іншых байкерскіх клубаў не збіраюцца далучацца да мотапрабегу.
Дазволу праводзіць масавае мерапрыемства ў Беларусі “Начныя ваўкі” не бралі