Пенсія Аляксандра Лукашэнкі будзе 23 мільёны?

Аляксандру Лукашэнку 30 жніўня спаўняецца 60 гадоў, а гэта ўжо пенсійны ўзрост. Якую ж пенсію будзе атрымоўваць кіраўнік краіны? І як жывуць цяперашнія пенсіянеры?

Згодна з беларускім заканадаўствам дзяржслужбоўцы могуць разлічваць на пенсію за выслугу гадоў, для гэтага трэба мець стаж дзяржслужбы не меншы за 20 гадоў. 

Тады пенсія будзе 40% ад заробку за любыя 5 гадоў запар з апошніх 15 гадоў службы. За кожны год стажу вышэй 20 гадоў ідзе надбаўка ў 2%. Але агульная сума пенсіі не можа быць большай за 50% заробка. Памер заробка, з якога разлічваецца пенсія, не можа быць большым за 3 сярэднія заробкі па краіне.

Стажу Аляксандру Рыгоравічу хапае, але аб асобных катэгорыях дзяржслужбоўцаў клапоціцца ўказ нумар 705 ад 2006 года. Указ кажа, што калі стаж працы на вышэйшых дзяржаўных пасадах не меней за 5 гадоў, то прызначаецца штомесячнае грашовае утрыманне — 75% заробка.

Першы прэм'ер міністр Вячаслаў Кебіч прызнаецца Еўрарадыё, што атрымоўвае прэм'ерскую пенсію, якая згодна з указам прэзідэнта, складае 75% ад сённяшняга аклада прэм'ер-міністра. І гэта самае галоўнае адрозненне пенсіі за выслугу гадоў, якую маюць звычайныя чыноўнікі ад штомесячнага утрымання для кіраўнікоў. Калі заробак прэм'ера вырасце, то, адпаведна, вырасце пенсія ў Кебіча.

Тое самае будзе і з іншымі вышэйшымі кіруючымі пасадамі. Згодна з дэкларацыяй аб даходах, Аляксандр Лукашэнка зарабіў у 2009 годзе 94 мільёны 539 тысяч рублёў. Атрымліваецца, што кіраўнік краіны зарабляў у месяц каля 2860 долараў.

На пачатку 2014 года сам кіраўнік краіны прагаварыўся пра свой заробак, калі крытыкаваў высокія заробкі кіраўнікоў хакейных клубаў.

"Папрасіў паказаць мне заробак хакейных функцыянераў. Пятроў, дырэктар клуба... Іваноў, Сідараў і іншыя. 92 мільёны за месяц! У тры разы болей, чым заробак прэзідэнта", — прыводзіць словы Аляксандра Лукашэнкі "Прэсбол".

Таму, згодна з заканадаўствам, і пенсію кіраўніку краіны можна налічваць 75% ад сённяшняга заробку, калі браць у разлік заробак, у 3 разы меншы за 92 мільёны (гэта 30 мільёнаў 600 тысяч), пенсія атрымліваецца 23 мільёны рублёў.

Але ў любым выпадку, каб атрымліваць пенсію, трэба напісаць заяву і падаць неабходныя дакументы.

Сыходзіць на пенсію Аляксандр Лукашэнка пакуль не збіраецца — будзе працаваць, і па ўсяму відаць, што пойдзе на наступныя выбары. Вось і некаторыя пенсіянеры кажуць, што на пенсіі пачынаецца дэпрэсія.

Пенсіянерка Ларыса Вікенц'еўна на пенсіі працавала яшчэ 20 гадоў.

"У 50 я пайшла на пенсію, але толькі ў 70 закончыла працаваць. Працавала, каб быў стымул хоць нейкі, ну, і зарабіць некія капейкі. Каб дома не сядзець і дапамагчы ўнукам. Ёсць абмежаванне па ўзросце, калі б не было, то, можа, і працавала б. На пенсіі наступае дэпрэсія. Думаеш, для чаго чалавек жыве? Працавала я ў інстытуце меліярацыі навуковым супрацоўнікам. 30 гадоў працавала ў навуцы і 20 гадоў са швабрай. Старыя людзі прызвычаіліся сябе ўціскаць, каб дапамагчы ўнукам, таму нам хапае. У вайну кушалі мала, пасля вайны таксама. Галоўнае, каб хадзілі свае ногі, астатняе — машыны і катэджы — гэта дробязі".

У цэнты Мінска ў двары на лавачцы сустракаю яшчэ аднаго пенсіянера, у пакеце з крамы некалькі пачак аўсянкі. Мужчына прайшоў вайну ў дэсанце, быў выведчыкам. Усю вайну не жыў у памяшканнях, толькі ў лясах ды бункерах. Сыходзіў на пенсію без перажыванняў, бо на змену прыйшлі маладыя.

"Было 33 гады выслугі і сышоў на пенсію. Пасля пенсіі працаваў у аблвыканкаме 16 гадоў. Потым заняў сябе на дачы. Канешне,больш атрымліваць было б не кепска, бо мы заслужылі большую пенсію. Але эканоміка ў нас слабая. Я вось гляджу ў газеце, сярод краін, якія ўваходзілі ў саюз мы на апошнім месцы, а па радыё іншае перадаюць. Я інвалід вайны другой групы, а не магу сабе выклікаць сацмашыну, каб паехаць да ўрача, бо ў мяне другая група, а першую не даюць".

Таксама мужчына наракае, што даводзіцца набываць лекі, якія каштуюць не танна.

Галіна Георгіеўна таксама не шкадуе што сышла адразу на пенсію. Стала шмат чытаць духоўнай літаратуры і хадзіць у царкву.

"Я працавала выкладчыкам рускай мовы і літаратуры ў школе. Пенсія 2,8 мільёна. Год таму было недзе 2,4 мільёна. Я чалавек непатрабавальны да ўсяго. Прызвычаілася жыць сціпла. Ем аўсяначку і даволі задаволеная. Лекі часам даводзіцца набываць. Канешне, з такой пенсіяй не маеш магчымасці недзе павандраваць, паехаць па святых месцах. Я год працавала пасля пенсіі, але захварэла і сышла аб чым не шкадую. Я прапрацавала ў школе 38 гадоў, канешне, я за гэты час ужо стамілася".

Фота з афіцыйнага сайта Аляксандра Лукашэнкі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі