Пенсіянерка з Оршы набыла два віртуальныя чамаданы з доларамі за Br170 млн

Пенсіянерка з Оршы набыла два віртуальныя чамаданы з доларамі за Br170 млн

Жыхарка Оршы стала ахвярай махляра, які прадаў ёй чамаданы з доларамі за 170 мільёнаў беларускіх рублёў. Як выявілася, каштоўная пакупка існавала толькі ў фантазіі жанчыны.

Пенсіянерка выдатна ведала англійскую мову і таму вырашыла пашырыць кола стасункаў у сацыяльных сетках. Там яна пазнаёмілася з грамадзянінам ЗША, які распавёў ёй галівудскую гісторыю свайго жыцця. Паводле яго словаў, мужчына працаваў лекарам у Сірыі і там воляй лёсу стаў уладальнікам двух чамаданаў з 10 мільёнамі долараў. Віртуальны сябар прапанаваў жанчыне ўзяць на захаванне гэтае багацце і спаслаўся на тое, што Беларусь — спакойная краіна, а сама пенсіянерка — надзейны чалавек.

Схема дастаўкі грошай у Беларусь выглядала загадкавай, аднак жанчыну гэта не насцярожыла. Яна павінна была пераслаць пэўную суму грошай на рахунак у банк афрыканскай дзяржавы Гана, каб яе амерыканскі сябар змог аплаціць паслугі кур’ера. Ну, а кур’ер павінен быў прывезці наяўныя грошы ў Беларусь.

Пенсіянерка залезла ў пазыкі і пераслала 170 мільёнаў рублёў. Яна магла страціць яшчэ большую суму, але сваякі спахапіліся. Аднак і грошы, і амерыканскі сябар зніклі бясследна, а спробы звязацца з банкам у Гане ніякага выніку не далі, інфармуе прэс-служба Віцебскай абласной міліцыі.

Фота: rus-img2.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі