Перад выбарамі беларусы перасталі баяцца росту коштаў?

Апытанне “Праблемы ў краіне, якія выклікаюць у насельніцтва найбольшую занепакоенасць” правёў Інфармацыйна-аналітычны цэнтр пры Адміністрацыі прэзідэнта. Калі ў 2009 годзе галоўнай сваёй праблемай беларусы назвалі рост коштаў (67,8%), дык сёлета такі пункт у выніках апытання адсутнічае ў прынцыпе!

“Апошнім часам, калі на настроі людзей уплывае крызіс, яны называюць рост коштаў у якасці асноўных праблемаў нават тады, калі насамрэч кошты ў іх краінах падаюць, — кажа дырэктар літоўскай сацыялагічнай кампаніі Baltic Surveys Раса Алішаўскене. — Мы робім апытанні не толькі ў Беларусі і Прыбалтыцы, але і ў Казахстане, Кыргызстане, Малдове, Грузіі і Азербайджане, і такая карціна назіраецца паўсюль, бо ўсё роўна ў кішэнях у людзей грошай стала менш!

Напрыклад, у прыбалтыйскіх краінах інфляцыі не назіралася. Наадварот, была дэфляцыя. Але псіхалагічна больш за палову рэспандэнтаў казалі, што першы эфект крызісу — гэта рост коштаў. Тое ж самае і ў Беларусі: павышэнне коштаў на тавары і паслугі — больш за 70%”.

У Інфармацыйна-аналітычным цэнтры нам пракаментаваць гэтую акалічнасць не змаглі. Прэс-сакратар арганізацыі паведаміла, што ўсе супрацоўнікі, якія разбіраюцца ў такіх “тэхнічных” пытаннях, раптам раз’ехаліся па камандзіроўках.

“У пытаннях, звязаных з эканомікай і дабрабытам, грамадская думка не можа так вагацца, — упэўнены вядомы беларускі сацыёлаг Алег Манаеў. — Гэта значыць, што пытанне пра рост коштаў, якое было ў леташнім апытанні, сёлета папросту не ўключылі ў пералік варыянтаў адказаў, прапанаваных людзям. Ці ўключылі, але не апублікавалі вынік”.

У даследаванні ІАЦ рэспандэнты адказвалі на так званае закрытае пытанне: выказвалі сваё стаўленне да загадзя прапанаванага ім спісу праблем. Аналагічнае пытанне ў даследаванні, праведзеным у жніўні 2010 года кампаніяй Baltic Surveys, было адкрытым: людзям прапанавалі самім прыгадаць праблемы, якія іх непакояць.

Раса Алішаўскене: “Калі ты просіш чалавека назваць праблемы, якія яго хвалююць, — не даеш ніякага спісу — рост цэн і інфляцыя, разам з эканамічным ростам, з узроўнем жыцця, — сярод самых важных. Сацыяльна-эканамічныя пытанні на першых трох месцах увогуле ва ўсіх краінах, і было б цудам, каб беларусаў хвалявалі іншыя праблемы. Але калі ў нас гэтае пытанне было адкрытае, сярод усіх названых людзьмі праблем інфляцыя і рост коштаў былі на трэцім месцы”.

Але, паводле версіі сацыёлагаў з ІАЦ, больш за ўсё беларусаў хвалюе алкагалізм: такую праблему абазначылі 42,5% апытаных.

“Калі параўноўваць апытанне ІАЦ з даследаваннямі іншых цэнтраў: НОВАК, НІСЭПІ ці якіх іншых — алкагалізм ніколі не браў такіх вышыняў — аж 42,5%!”, — здзіўляецца Алег Манаеў.

Калі параўноўваць сёлетнія перадвыбарныя вынікі апытання ІАЦ і леташнія, то атрымаецца, што беларусаў увогуле сталі менш хваляваць амаль усе пытанні. Алкагалізм цяпер турбуе амаль на 7% беларусаў менш, чым год таму. Жыллёвая праблема, як вынікае, вырашылася у 14,7% жыхароў краіны і цяпер непакоіць толькі 28% беларусаў.

Беспрацоўе сёлета турбуе кожнага чацвёртага, хаця летась хвалявала 37,8% чалавек. Менш нас стала непакоіць злачыннасць, выхаванне моладзі, карупцыя, ахова здароўя, а пытанне расслаення бедных і багатых знікла зусім, як і рост коштаў. Больш нас стаў хваляваць толькі нізкі ўзровень культуры — гэты паказчык вырас з 19 да 20%.

Топ-15 нашых хваляванняў і занепакоенасцяў…
 Занепакоенасць  Хвалюе сёлета па версіі ІАЦ
 Хвалявала ў 2009-м
 Хвалюе сёлета па версіі Baltic Surveys
 Рост коштаў
Няма звестак
67,8%
70,8%
 Алкагалізм 42,5%
49,4%
44,5%
Жыллёвая праблема
28%
 42,7%  28%
 Беспрацоўе  25%  37,8%  20,4%
Расслаенне на заможных і жабракоў
Няма звестак
 23,7% Пытанне не гучала
 Злачыннасць  23%  26,5% 8,6%
 Гадаванне моладзі
 22% 27%
Пытанне не гучала
 Нізкі ўзровень культуры
20%
 19%  15,6%
Наркаманія, таксікаманія
 17,8%  18%  16,4%
Карупцыя
 14%  21,4%  7,5%
 Сітуацыя з аховай здароўя
 14%  21,2%  27,8%
 Недастатковая сацыяльная абарона
 13% Няма звестак
 4,6% (адсутнасць сацыяльных гарантыяў),
1,4% (нявыплата заробкаў, пенсій, дапамогі)
Нявызначанасць будучыні
32%
 20,5% 19,2%
Апатыя ў грамадстве
 Няма звестак Няма звестак
 12,4%
Экалогія
11%
15,5%
 14,2%
...Усхавляванасць у сярэднім:
 21,8% 30%
24%

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі