Пераможца конкурсу на самы танны абед: Можна і ў рэстаране атруціцца
На мінулым тыдні Еўрарадыё зладзіла конкурс "Абедаю, як дэпутат". Пераможца — супрацоўнік навуковай лабараторыі БНТУ Яўген — даслаў у нашу рэдакцыю фота паўнавартаснага абеду за 1 рубель 24 капейкі. У якасці прыза мы накармілі яго "нармальным" абедам. А Яўген у якасці падзякі распавёў нам пра самыя танныя і самыя "смачныя" сталоўкі у раёне Акадэміі навук.
"У той сталоўцы БНТУ я еў, калі быў студэнтам. Жыў у інтэрнаце недалёка адтуль, і было вельмі зручна там есці, — распавядае хлопец пра "Бухенвальд", дзе за 1 еўра можна паабедаць двойчы. — У БНТУ, як я разумею, шмат сталовак. Вось гэты "Бухенвальд" — не самая смачная і не самая якасная. На ФІТРы [Факультэт інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі БНТУ, — Еўрарадыё] асабіста мне стравы больш падабаюцца".
На ФІТРы рыхтуюць айцішнікаў, а ім дастаецца ўсё лепшае ў Беларусі, таму гэтай інфармацыі мы не здзіўляемся. Але Яўген кажа, што ёсць "на раёне" і больш цікавыя месцы.
"Калі шчыра, я не разумею студэнтаў, якія ходзяць у сталоўкі БНТУ і БДУІР, калі побач ёсць значна таннейшыя сталоўкі заводаў з большым выбарам і больш смачнымі стравамі, — працягвае Яўген. — Звычайна я хаджу есці ў сталоўку завода "Ударнік", гэта зусім побач з нашымі 4-м і 5-м карпусамі. Хвіліны дзве прайсці".
Пагаджаемся, што хто шукае — той знойдзе, а хто лянуецца і не чытае сайт Еўрарадыё — той і далей будзе харчавацца ў не самых танных і не самых смачных сталоўках. Тым часам Яўген распавядае, што наша радыё слухаюць яго ўкраінскія калегі, якія разумеюць па-беларуску.
Хлопец і сам добра валодае беларускай мовай, хаця кажа, што нідзе яе спецыяльна не вучыў, а памятае ўсё са школы. Гады два таму ён і яго сябры адмыслова пачалі размаўляць па-беларуску часцей, так што, галоўнае — практыка.
Сённяшні абед Яўгена — салат "Мімоза", курыны суп, смажаная бульба, курыная ножка і кефір — "цягне" на 10 рублёў 52 капейкі. Гэта амаль у дзесяць разоў даражэй, чым набор страваў, з якім хлопец выйграў конкурс. Кажам, што той абед з малочнымі стравамі атрымаўся дыетычным, а есці смажанае не карысна, хаця і заўжды хочацца.
Але Яўген не раіць увесь час харчавацца танна. "Гэта можа быць небяспечна, — кажа хлопец. А галоўнае — звяртаць увагу на тое, з якога мяса прыгатаваная страва, і як часта мяняецца алей на патэльнях, дзе смажацца катлеты. Шмат што залежыць ад перасналу, хаця, можна і ў рэстаране атруціцца".