Пераможца “Прэс-фота 2011”: Давялося пачакаць, каб зрабіць здымак у войску

120209 GudzilinS.mp3

Еўрарадыё: Фотаздымак, які перамог у конкурсе, выглядае так: хлопцы з паголенымі галовамі, якія сядзяць у арміі ў нейкай частцы, глядзяць тэлебачанне. Пасярэдзіне вісіць партрэт кіраўніка краіны.

Сяргей Гудзілін: Там яшчэ сцены пафарбаваныя ў чырвона-зялёныя, ідэалагічна правільныя, колеры. Гэта вельмі важная дэталь.

Еўрарадыё: А хлопцы ў зялёных “цішотках”. А дзе гэта было?

Сяргей Гудзілін: Гэты здымак я зрабіў падчас сваёй службы ў войску. Мне ўдалося вельмі дыпламатычным чынам здабыць фотаапарат, прымусіць камандаванне дазволіць мне здымаць некаторыя моманты з афіцыйнага жыцця. Але гэты здымак – гэта неафіцыйнае жыццё. Гэта прагляд навін тэлепраграмы “Панарама”. А 9.00 ў вайсковых частках усёй краіны яе прагляд – абавязковы пункт распарадку дня.

Еўрарадыё: Салдаты не могуць не пайсці? Яны мусяць гэта глядзець?

Сяргей Гудзілін: Так, яны павінны глядзець. Лічыцца, што дзякуючы прагляду дзяржаўнага тэлебачання салдат атрымлівае поўную інфармацыю, якая дазваляе яму якасна выконваць ягоны вайсковы доўг. І Гэтую карціну я назіраў некалькі месяцаў. Здымак з’явіўся ўжо пасля года маёй службы. Я назіраў гэта і думаў, што вось кадр ёсць. Чакаў толькі зручнага моманту. Сам здымак склаўся ў маёй галаве на трэці-чацвёрты дзень маёй службы ў войску. Адзінае, што даводзілася чакаць.

Еўрарадыё: Мне заўсёды здавалася, што прэс-фота – гэта штосьці імгненнае. Прыходзіш на месца і – атрымалася ці не.

Сяргей Гудзілін: Часткова гэта так. Але прэс-фота – гэта шырокая з’ява ў фатаграфіі. Ёсць здымкі з навінных падзей, ёсць рэпартажы падзей, што доўжацца некалькі дзён. Ёсць нават праекты, якія фатографы рыхтуюць некалькі гадоў. Гэта проста розная журналістыка: ёсць навінная, а ёсць дакументальная. Мне падаецца, што гэта якраз больш дакументальная журналістыка.

Еўрарадыё: Якое здарэнне ў нашай краіне, якое ты здымаў, на цябе найбольш паўплывала?

Сяргей Гудзілін: Вядома, гэта падзея мінулага года – выбух у метро. Гэтая сітуацыя патрабавала і ад фатографаў, і ад журналістаў нейкіх новых дзеянняў. Мы ніколі не сутыкаліся з такімі падзеямі, ніколі іх не асвятлялі. Гэта – адсутнасць досведу, нечаканасць. Было не проста.

Еўрарадыё: Прычым  фатографаў там негатыўна ўспрымалі…

Сяргей Гудзілін: Ну, так. Гэта – крытычны момант і амаль ніхто не быў да гэтага гатовы. Я таксама. Гэта ўсё некалькі дзён круцілася. Ты прапускаеш усё праз сябе, пераглядаеш здымкі – гэта было цяжка. Мне здаецца, што такія крытычныя падзеі загартоўваюць прафесію, загартоўваюць журналістаў, дазваляюць ім нейкім чынам асвятляць падзеі аб’ектыўна, быць падрыхтаванымі да нечага. Таму гэтая падзея была самая складаная, крытычная і мабілізуючая. 

Еўрарадыё: Які твой самы выбітны фотаздымак?

Сяргей Гудзілін: Пакуль што гэты “гран-прыйны”. Ён мне цяжка даваўся, даводзілася шмат чакаць. Ды і ён быў нечым уганараваны – гэта вельмі прыемна. Ён пакуль што найлепшы, спадзяюся, будуць іншыя.

Еўрарадыё: Ці атрымалася ў цябе сфоткаць духаў? Пытаецца Света, нашая слухачка.

Сяргей Гудзілін: Гэта вельмі не проста. Я іх ніколі не бачыў, не ведаю.

Еўрарадыё: Часам здараецца, што фатограф нешта здымае, а на заднім плане выходзіць нешта незразумелае, нейкая фізічная з’ява…

Сяргей Гудзілін: Ну, на тым здымку – партрэт Аляксандра Рыгоравіча. Нешта падобнае, таму, я пагаджуся. Так.

Фота з асабістай старонкі Сяргея Гудзіліна на фэйсбуку. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі