Першую прышчэпку супраць "свінога грыпу" атрымалі каля 50 тысяч чалавек

Першую дозу вакцыны супраць грыпу A (H1N1) ужо атрымалі больш за 10% насельніцтва Беларусі, якое падлягае імунізацыі. Пра гэта БелаПАН паведаміла галоўны эпідэміёлаг Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан. Прышчэпкі робяцца расійскай вакцынай "Інфлювір", якая павінна ўводзіцца двухразова. Агулам за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту закуплены 1 млн доз "Інфлювіра" для вакцынацыі 500 тысяч чалавек. У першую чаргу прышчэпку атрымліваюць работнікі арганізацый аховы здароўя і службаў, якія забяспечваюць бесперабойнае функцыянаванне жыццёва важных сістэм (МНС, транспарт, ЖКГ і інш.).

Як падкрэсліла Карабан, імунітэт супраць віруса грыпу А (H1N1) пасля ўвядзення першай дозы вакцыны выпрацавацца не можа. Пра ўстойлівасць пэўнай часткі беларусаў да пандэмічнага грыпу можна будзе казаць толькі пасля паўторных прышчэпак.

Спецыяліст нагадала, што ў 2009 годзе ў Беларусі была праведзеная масавая імунізацыя супраць сезоннага грыпу. Падчас яе было прышчэплена 1 млн 39 тыс. 933 чалавекі, ці 10,8% ад усяго насельніцтва краіны. Гэта на 38% больш, чым падчас кампаніі па імунізацыі насельніцтва ў 2008 годзе.

Як распавяла Карабан, у цяперашні час захворванне ВРВІ ў краіне знаходзіцца на неэпідэмічным узроўні.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі