Першы аўкцыён даменаў “.бел”: Топ-10 самых дарагіх

Даменамі “.бел” пачалі гандляваць на дабрачынным аўкцыёне з 2 чэрвеня. Першы этап рэгістрацыі скончыўся 1 чэрвеня. Да гэтага перыяду маглі набыць дамены дзяржаўныя арганізацыі і ўладальнікі таварных знакаў. Цяпер любы чалавек можа набыць дамен на аўкцыёне. Але не любы, а толькі тыя, што ёсць у спісе. Першыя таргі ўжо завяршыліся. Мы вырашылі паглядзець, які дамен быў самы запатрабаваны.

Больш за ўсё далі за дамен авто.бел — зроблена 197 ставак, апошняя прапанова — 273 250 000 рублёў. За яго беларускі аналаг аўто.бел даюць толькі 450 тысяч. За аукцион.бел і аренда.бел цяпер прапануюць трошкі больш за 40 мільёнаў. Першы ў спісе дамен на беларускай мове запчасткі.бел можа дастацца некаму за 800 тысяч, а віза.бел — за 650 тысяч. Самы дарагі дамен casino.by купілі за 30 тысяч долараў.

Гэта самыя дарагія дамены. Дарэчы, сістэму аўкцыёнаў у Беларусі увялі не так даўно. Гэта было зроблена, каб “прыгожыя” дамены не разабралі кіберсквотары, людзі, якія хутка набываюць прыгожыя імёны а потым перапрадаюць іх даражэй. Дзякуючы аўкцыёну дамен можа купіць менавіта той, каму ён больш патрэбны, і такім чынам фармуецца рынкавы кошт — кіберсквотарам становіцца нявыгадна. А грошы з аўкцыёнаў ідуць на дабрачынныя мэты (300 тысяч рэгістратару, астатняе ў дзіцячыя дамы).

Калі можна будзе проста набыць сабе дамен “.бел”?

З 2 чэрвеня да першага верасня дамены будуць прадаваць на аўкцыёне. Потым можна будзе даслаць заяўку на патрэбны дамен, ён з’явіцца на аўкцыёне, і вам застанецца яго выкупіць. Дамен будзе вісець на аўкцыёне двое сутак і дастанецца таму, хто прапануе больш грошай. Калі іншых ахвочых не будзе, дамен дастанецца вам па мінімальным кошце — 475 тысяч рублёў.

А свабодная рэгістрацыя даменаў пачнецца толькі першага кастрычніка.

Фота: dw.de

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі