Першы беларус трапіў у спіс сусветных доларавых мільярдэраў
Агенцтва Bloomberg ацаніла бізнэс 39-гадовага беларуса і стваральніка кампаніі Wargaming Віктара Кіслага ў 1,5 млрд долараў. Пры гэтым уласнае багацце мільярдэра складае больш за 1 млрд долараў.
Кіслы адмовіўся ад каментароў Bloomberg, адзначыў толькі, што ён вядзе вельмі сціплы лад жыцця.
Wargaming — адна з самых паспяховых кампаніяў у галіне бясплатных анлайн-гульняў. Даход ёй прыносіць папаўненне карыстальнікамі прэміяльных рахункаў, што дазваляюць гульцам больш паспяхова рухацца на складаных узроўнях гульні.
Віктар Кіслы кантралюе 64% бізнэсу. Штаб-кватэра кампаніі знаходзіцца на Кіпры. 25,5% акцыямі валодае бацька бізнесоўца, пра гэта сведчыць фінансавая справаздача кампаніі за 2013 год.
У бізнэсе занятыя 4000 супрацоўнікаў на 4 кантынентах. Паводле ацэнак аналітыкаў Bloomberg, у 2015 годзе даход Wargaming склаў 590 мільёнаў долараў.
Фота з сацсетак.