Першы мілітары-фэст у Беларусі (фотарэпартаж)

15 ліпеня ў мінскім клубе “Рэактар” адбыўся першы беларускі “Грунвальдскі фэст”, прысвечаны славутай перамозе войска Вялікага Княства Літоўскага над крыжакамі. Адзін з арганізатараў Зміцер Сасноўскі з гурта "Стары Ольса" паабяцаў, што гэты фэст будзе праводзіцца штогод так, як і ў Польшчы, бо без лепшых беларускіх рыцараў і беларускіх сялян польскае войска не здолела б разбіць ворагаў. А сёлета годную справу святкавання перамогі пад Грунвальдам распачалі тэматычныя гурты, якія граюць фолкавую і медыевальную музыку, у тым ліку разам з рокам і металам! Нягледзячы на лета, шматлікія оўпэн-эйры, у клубе сабралося багата прыхільнікаў добрай музыкі і знаўцаў сапраўднай беларускай гісторыі.

Прапануем вашай увазе фотарэпартаж з першага "мілітарысцкага" фэсту Беларусі.

Гурт Rosalia стаў прыемным сюрпрызам, не анансаваным у афішы. Узначальвае малады калектыў флейтыстка і дударка гурта “Стары Ольса”. Старадаўнія інструменты, традыцыйныя строі, хітовая сярэднявечная музыка... Музыкі сыгралі таксама сваю версію медыевальнай песні How much is the fish, якую калісьці папулярызаваў нямецкі гурт Scooter.



Лаўрэаты беларускіх фэстаў “Басовішча”, “Рок-кола” і конкурсу “Рок-спарынг” Unia запалілі залу песнямі са свайго дэбютнага альбома “Долам”, які пару месяцаў таму быў прэзентаваны у Daclub. Музыкі літаральна некалькі гадзінаў як вярнуліся з украінскага фэсту, таму выступалі без часткі сваіх інструментаў. Затое з новым вакалістам.



Testamentum Terrae разварушылі публіку старадаўнімі сярэднявечнымі танцамі. У зале аказалася багата тых, хто ўмее паскакаць так, як нашы продкі.



Зміцер Сасноўскі падняў куфаль піва за князя Вітаўта і сольна выканаў на дудзе некалькі ваенных ліцвінскіх песень.



Гурт "Рокаш" адзначыўся спалучэннем драйву і лірычнасці. І, безумоўна, сваімі аўтарскімі песнямі, прысвечанымі багатай на ўрачыстыя падзеі беларускай гісторыі.



Пасля на сцэну выйшлі прадстаўнікі Sontsevorot. У калектыву цяпер праблемы са складам, таму выступ атрымаўся эксклюзіўным: фолк-метал, які звычайна граюць музыкі, быў выкананы выключна на акустычных гітарах і флейце.

Стала зусім спякотна і весела, калі на сцэну падняліся LitvinTroll. Яны не толькі адыгралі ўсе свае хіты і раскаўбасілі натоўп, а яшчэ і пазнаёмілі залу са сваім страшным калматым мехавым талісманам – тролем Юзікам.



А завяршылі канцэрт музыкі гурта Znich, якія знаходзяцца на беларускай сцэне больш за 10 год, таму дадатковыя прадстаўленні і дыфірамбы ім не патрэбныя. Такім чынам, з добрай музыкай, танцамі і адрывам больш за 300 слухачоў адзначылі перамогу пад Грунвальдам, якая, як сказаў адзін з арганізатараў, Зміцер Сасноўскі, аднойчы абавязкова стане дзяржаўным святам.

Фота - Venomous Butterfly

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі