Першы помнік Касцюшку ў Беларусі адкрыюць 12 траўня (фота)
Першы помнік Тадэвушу Касцюшку ў Беларусі ўжо ўсталявалі. Ён знаходзіцца ў Марачоўшчыне каля Косава ў Івацэвіцкім раёне, каля музея нацыянальнага героя Беларусі, Польшчы і ЗША. Урачыстае адкрыццё запланаванае на 12 траўня, яно пачнецца ў 12:00. На ўрачыстасць збіраюцца прыехаць сотні людзей.
"Такіх прыгожых помнікаў вы яшчэ не бачылі", — піша ў Facebook ініцыятар гэтага праекту, грамадскі дзеяч Глеб Лабадзенка. Да ўрачыстага адкрыцця ён вырашыў не паказваць, як выглядае помнік, змясціў здымкі, на якіх яго можна разглядзець толькі часткова.
Да адкрыцця помніка Касцюшкі вырабілі спецыяльную дошку з імёнамі ахвярадаўцаў (збор сродкаў адбываўся з дапамогай краўдфандынгу). Яна будзе знаходзіцца ў музеі Касцюшкі.
Тадэвуш Касцюшка (1746 — 1817) быў кіраўніком вызваленчага паўстання 1794 года ў Рэчы Паспалітай супраць Расійскай імперыі. Таксама ён удзельнічаў у вайне за незалежнасць Злучаных Штатаў. Дагэтуль у нашай краіне былі толькі два бюсты Касцюшкі, усталяваныя ў вёсцы Малыя Сяхновічы Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці (там была сядзіба Касцюшкаў) і на тэрыторыі амерыканскай амбасады ў Мінску.