Першы ў Беларусі помнік Тадэвушу Касцюшку ўрачыста адкрыты (фота)
Першы ў Беларусі помнік легендарнаму дзеячу Тадэвушу Касцюшку ўрачыста адкрыты сёння, 12 траўня. Цырымонія адкрыцця адбылася а 12-й на тэрыторыі музея-сядзібы Касцюшкі "Мерачоўшчына" ля Косаўскага палаца, што на Брэстчыне.
Збор сродкаў на ўсталяваньне помніка Касцюшку ініцыяваў журналіст Глеб Лабадзенка. Праект падтрымалі 690 чалавек, якія сабралі больш за 22 тысячы беларускіх рублёў. Імёны ўсіх ахвярадаўцаў будуць захоўвацца ў музеі. Помнік быў адліты ва Украіне па праекце беларускага скульптара Геніка Лойкі.
Тадэвуш Касцюшка — нацыянальны герой Беларусі, Польшчы, ЗША, ганаровы грамадзянін Францыі, кіраўнік вызвольнага паўстання 1794 году. Лічыцца адным з самых вядомых у свеце беларусаў.
У Беларусі дагэтуль не было ніводнага помніка Тадэвушу Касцюшку, калі не лічыць бюстаў на тэрыторыі амерыканскай амбасады ў Мінску і ў вёсцы Малыя Сяхновічы, дзе была радавая сядзіба Касцюшкаў.