Песню беларускага гурта прыпісалі Linkin Park

На YouTube канале Web Park, які спецыялізуецца на навінках папулярных выканаўцаў і які стварыў вядомы сервіс The Pirate Bay, з'явілася новая песня Linkin Park "System". Аднак апынулася, што кампазіцыя належыць пяру беларускага рэп-кор-калектыву Boston’s Lane, які пачынаў свой шлях у Дзяржынску ў 2011 годзе. Трэк набраў больш за 200 тысяч праглядаў. 

Беларускія музыкі даведаліся пра раптоўную папулярнасць свайго сінгла праз два месяцы пасля публікацыі на Web Park, калі іх песню праслухала каля 70 тысяч чалавек. Як гэта атрымалася, яны не ў курсе.


"Насамрэч, гэта была дзікая лічба, бо звычайна ў Беларусі такімі лічбамі пахваліцца ніхто не можа, тым больш, што яна вырастала ў дзень на тры тысячы праглядаў. Хоць нейкі піяр адтуль, — распавядае мэнэджар гурта Сяргей Непрахін. — Да таго ж, гэта была някепская ацэнка сябе і сваёй творчасці, бо з 200 тысяч трэк не спадабаўся толькі 89 чалавекам, а лайкнулі яго паўтары тысячы. То бок, незадаволеных 3%, а гэта значыць, што песня, зробленая хлопцамі з Беларусі, "зайшла" вялікай колькасці людзей".


Цікава, што фэны Linkin Park "купіліся" на фэйк і вырашылі, што песня — гэта дэма-запіс і ў будучыні з'явіцца на новым альбоме амерыканцаў. Некаторыя, наадварот, пачулі ў "System" стары трэк, іншыя, што вяртаецца "стары" Linkin Park. Каментарыі, дзе нехта сумняваўся ў тым, што песню сапраўды грае Linkin Park, адміністратары выдалялі.


"Мы не капіруем амерыканцаў, хаця на нас пастаянна хочуць павесіць клішэ Linkin Park. Мы граем рэп-кор, граем музыку, якая нам падабаецца, і калі пры запісе некаму з гурта пачынае падавацца, што трэк хоць крышачку падобны на нешта з LP, мы адразу яго выкідваем і пачынаем рабіць іншае. Гэтая песня падобная да амерыканскіх рокераў структурна і вакал вельмі моцна нагадвае Чэстара".


Ка канцэрт Linkin Park, які адбудзецца ў "Мінск-Арэне" 27 жніўня, музыкі Boston’s Lane ісці не збіраюцца, маўляў, пераслухалі амерыканскіх рокераў у дзяцінстве і перайгралі іх на ўсемагчымых трыб'ютах. А вось на разагрэве ў Чэстара Бенінгтана і кампаніі беларускія музыкі выступіць не супраць.


У бліжэйшы час пазнаёміцца з Boston’s Lane, між іншым, фіналістамі беларускіх адбораў на фестывалі Emergenza і "Соседний мир", можна будзе 23 жніўня — гурт выступіць у сталічным клубе "Графіці" і 15 лістапада — на фестывалі "У кедах" у клубе Re:Public.

Фота: www.sub-cult.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі