Пінчука затрымалі за забойства жонкі нажом
Жыхара Пінскага раёна затрымалі па падазрэнні ў забойстве жонкі, інфармуе БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу УУС Брэсцкага аблвыканкама.
Здарэнне адбылося ў нядзелю, 24 ліпеня, у аграгарадку Новы Двор. У 17.40 на адной з вуліцаў паселішча знайшлі труп зарэзанай жанчыны. Гэта была мясцовая 37-гадовая даярка.
У смерці жанчыны падазраюць яе 40-гадовага непрацуючага мужа. Паводле інфармацыі следства, нецвярозы муж пасварыўся з жонкай на вуліцы, пасля чаго ўдарыў яе нажом у шыю ў раён соннай артэрыі. Як мяркуецца, жанчына памерла ад вялікай страты крыві.
Мужчыну затрымалі і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. Вырашаецца пытанне, ці браць яго пад варту.
На затрыманага пачалі крымінальную справу за забойства.