Платформу дыстанцыйнага навучання школьнікаў абяцаюць зрабіць да канца года

Платформу дыстанцыйнага навучання школьнікаў абяцаюць зрабіць да канца года

Адзіную платформу для дыстанцыйнага навучання школьнікаў могуць распрацаваць да канца 2020 года. Пра гэта міністр адукацыі Ігар Карпенка распавёў у праграме "Галоўны эфір" наетэлеканалу "Беларусь 1".

"Стварыўшы гэтую платформу, узяўшы лепшыя напрацоўкі, якія ёсць у школах, канкрэтных установах адукацыі, плюс спецыяльна падрыхтаваўшы тыя ці іншыя метадычныя напрацоўкі, — думаю, што да канца года мы гэтую працу завершым. І гэтая платформа пачне дзейнічаць у Рэспубліцы Беларусь", — заявіў чыноўнік.

Сам Карпенка ставіцца да дыстанцыйнага навучання вельмі недаверліва. Ён звярнуў увагу на матывацыю да вучобы: калі ў дзіцяці няма жадання вучыцца ў класе, то на "аддалёнцы" яно таксама наўрад ці з'явіцца. 

"Мы нават па студэнтах сёння назіраем, вось я ўчора быў у Гродзенскім універсітэце. Ёсць студэнты, якія 2-3 гадзіны праводзяць на гэтай дыстанцыйнай платформе. А ёсць студэнты, якія зайшлі на 15 хвілінаў, і ўсё. Таму я яшчэ раз кажу: сёння дыстанцыйнае навучанне — гэта не панацэя. Гэта толькі дадатковыя магчымасці для развіцця сістэмы адукацыі", — дадаў міністр.

Гаворкі пра неабходнасць дыстанцыйнай платформы для адукацыі ў Беларусі пачаліся пасля таго, як стала ясна, што многія бацькі не павядуць дзяцей у школу, асцерагаючыся распаўсюду каранавіруса. Спярша Мінадукацыі меркавала весці дыстанцыйныя заняткі на платформе Moodle, але, па неафіцыйных звестках, сайт не вытрымаў наплыву тых, хто хацеў зарэгістравацца. На сёння настаўнікі па ўсёй Беларусі вядуць дыстанцыйныя заняткі са школьнікамі праз разнастайныя месенджары і сацсеткі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі