Полацкі камунальнік за кошт прадпрыемства запраўляў тры прыватныя машыны

Полацкі камунальнік за кошт прадпрыемства запраўляў тры прыватныя машыны

Былога дырэктара Ветрынскага ўнітарнага вытворчага прадпрыемства ЖКГ Полацкага раёна асуджаны за карупцыю на тры з паловай гады, таксама ў яго канфіскуюць маёмасць, пішуць "Народныя навіны Віцебска".

Суд устанавіў, што з ліпеня 2013 года па лістапад 2016-га мужчына атрымаў ад аднаго з прадпрымальнікаў 27 хабараў на агульную суму больш за 2500 рублёў.

На рахунку прадпрыемства неставала грошай для своечасовага разліку з усімі пастаўшчыкамі і контрагентамі. Таму бізнесовец, якому належала плата за абслугоўванне станцый абезжалезвання ў вёсках Гомель, Жарнасекі і Кушлікі, быў вымушаны плаціць прыкладна па 100 рублёў за кожны пазачарговы перавод сродкаў. Хабар полацкаму камунальніку прадпрымальнік пералічваў на яго разліковы рахунак у банку.

Таксама выявілася, што ў 2016 годзе камунальнік загадаў сваім падначаленым запраўляць з выкарыстаннем электронных картак прадпрыемства тры аўтамабілі. Гэта асабістае аўто экс-дырэктара "Toyota Land Cruiser Prado", "КIA Carnival" яго сына і "Nissan Qashqai", які належыць яго знаёмаму. У бакі іх асабістых аўто трапіў 261 літр саляркі на 313 рублёў, за што заплаціла Ветрынскае ўнітарнае вытворчае прадпрыемства ЖКГ Полацкага раёна.

Яшчэ падчас следства былы дырэктар цалкам выплаціў дзяржаве злачынны даход і цалкам кампенсаваў прычыненую шкоду. Да суда яго выпусцілі пад заклад.

Улічваючы кампенсацыю, суд Полацкага раёна і Полацка прысудзіў камунальніку за хабарніцтва і крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі 3 гады 6 месяцаў пазбаўлення волі. Таксама ў яго канфіскавалі пазадарожнік "Toyota Land Cruiser Prado". У дадатак, экс-начальніка на пяць гадоў пазбавілі права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў.

Пасля таго, як судовае рашэнне апратэставаў пракурор Полацкага раёна, апеляцыйны суд замяніў частковую канфіскацыю маёмасці на поўную.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі