Польшча прапаноўвала Беларусі спыніць рэпрэсіі, але безвынікова — кіраўнік МЗС

АМАП у Мінску / Еўрарадыё
АМАП у Мінску / Еўрарадыё

Польшча прапаноўвала афіцыйнаму Мінску спыніць рэпрэсіі ў абмен на "прастору для палітычнага і эканамічнага манеўру". Аднак гэтыя перамовы не прынеслі вынікаў. Пра гэта міністр замежных спраў Польшчы Збігнеў Рау паведаміў, выступаючы ў польскім Сейме 13 красавіка.  

Калі рэпрэсіі ў Беларусі будуць працягвацца, афіцыйная Варшава будзе дамагацца пашырэння санкцый супраць рэжыму, дадаў ён.

"Нашай доўгатэрміновай мэтай з'яўляецца дэмакратычная, свабодная і незалежная Беларусь",цытуе Reform.by словы Рау. На яго думку, Польшча не будзе ў бяспецы, пакуль яе суседзі не будуць суверэннымі і здольнымі вызначаць свой кірунак развіцця дэмакратычным шляхам.

Рау мяркуе, што месца беларусаў — у агульным еўрапейскім доме. І Польшча будзе даваць часовы прытулак усім, каго ў Беларусі пераследуюць за палітычныя перакананні.

Таксама ён заявіў, што Польшча лічыць Беларусь цалкам залежнай ад Расіі: "Сёння мы лічым Беларусь краінай, цалкам залежнай ад агрэсіўнай Расіі, кіраванай пазбаўленым усялякай дэмакратычнай і сацыяльнай легітымнасці рэжымам, які ператварыў радзіму беларусаў у вялікую турму і дае сваю тэрыторыю Расіі для правядзення нападу на Украіну".

У якасці прыкладу варожай да Польшчы палітыкі ён назваў міграцыйны крызіс, арганізаваны беларускімі ўладамі на мяжы з краінамі ЕС.

На думку Рау, палітыка Польшчы адносна Беларусі зменіцца пасля дэмакратычных пераменаў, якія да таго ж дазволяць краіне ўдзельнічаць у ініцыятыве "Усходняе партнёрства". Таму афіцыйная Варшава будзе падтрымліваць беларускае незалежнае грамадства, у тым ліку СМІ, беларускіх уцекачоў, студэнтаў і прадпрымальнікаў, дадаў кіраўнік польскай дыпламатыі

Па словах Рау, Польшча будзе дамагацца вызвалення палітвязняў, у тым ліку актывіста польскай нацыянальнай меншасці, журналіста Анджэя Пачобута.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі