Пра праект "Вялікая сям'я" забыліся ўсе апроч Лукашэнкі?

“Вось праект “Вялікая сям’я” мне прапанавалі. За першае дзіця — дзесяць тысяч долараў. Мы ў доларах адкрываем рахунак. За другога — дваццаць. За трэцяга — у два разы павялічваем. А калі яшчэ ты сам на гэты рахунак грошы кладзеш, то мы ў два разы больш даём”,— кажа Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання завода БелАЗ у Жодзіна у кастрычніку 2013 года.

Тады шэраг ведамстваў даведваюцца пра гэты праект… ад прэзідэнта і называюць экспромтам ад кіраўніка дзяржавы. Вось як адказваюць Еўрарадыё ў Фондзе сацабароны пры Міністэрстве працы:

“Не ведаем мы пра гэты праект нічога”.

А вось Мінфін не толькі ведае пра праект, але і абяцае даць выкладкі — праз месяц! А праз гэты тэрмін Мінфін кажа Еўрарадыё, што цяпер заняты бюджэтам:

“Нашы эксперты цяпер абмяркоўваюць гэты праект, але цяпер больш хапае працы з бюджэтам. Як толькі нешта з’явіцца па праекце “Вялікая сям’я”, адразу запросім журналістаў. Нісчым да журналістаў не пойдзеш”.

Праходзіць яшчэ паўгода, і Лукашэнка падчас выступу з пасланнем зноў гаворыць на “Вялікую сям’ю”! Але пра нейкую іншую:

“Калі цяпер пры з’яўленні другога дзіцяці маці атрымлівае 40% ад сярэдняй зарплаты за месяц, то прапануецца, каб сям’і выплачвалася 35% ад сярэдняй зарплаты на кожнае дзіця, калі гэта другое дзіця ў сям’і. Іншая прапанова заключаецца ў тым, каб ствараўся дэпазіт у 10 тысяч долараў пры нараджэнні трэцяга дзіцяці”.

Раней дзесяць тысяч долараў давалі за першае дзіця, а цяпере такія грошы — толькі пры нараджэнні трэцяга.

Еўрарадыё заўважыла, што напярэдадні выступу прэзідэнта міністр працы Марыяна Шчоткіна кажа, што дадатковыя меры падтрымкі мамам будуць, калі для гэтага знойдуцца грошы.

Аддзел гендэрнай і сямейнай палітыкі і народанасельніцтва Міністэрства працы і сацабароны пасля выступу прэзідэнта чакае далейшых даручэнняў.

“У нас не было яшчэ ніякіх даручэнняў на гэты конт! Прэзідэнт жа выступаў, і да нас яшчэ нічога нам не прыходзіла”.

Узгадваем, што паўгода таму праект “Вялікая сям’я” горача падтрымала дэпутат парламента Тамара Красоўская. Яе памочніца кажа Еўрарадыё, што ніякага дачынення да праекта не мае і не мела. Проста выказала сваю грамадскую пазіцыю і на гэтым справа скончылася. Не ўваходзіць дэпутат у камісію, якая па словах міністра працы, абмяркоўвае праект “Вялікая сям’я”!

Маці 4-х дзяцей Таццяна Гацура-Яворская на сваё чацвёртае дзіця атрымлівае каля 2 мільёнаў рублёў дапамогі. Пасля здзіўлення, як можна пракарміць на гэтыя грошы яшчэ траіх дзетак, якія ніякай дапамогі ўжо не атрымліваюць, Таццяна супакойвае — гэта яшчэ і павысілі! Дзякуючы сацыяльнай праграме, маці вырашыла жыллёвае пытанне. Пры гэтым, да такіх сацыяльных праграм яна раіць ставіцца з асцярожнасцю.

“Што магла б рабіць дзяржава, гэта даваць магчымасць для самастойнага развіцця сямей. Не “садзіць” іх на датацыі, на асабістыя ўмовы. Калі даюць грошы, на нараджэнне, яны павінны быць прыстойнымі. І калі іх збіраюцца павысіць, гэта няблага. Але трэба думаць не пра тое, каб усіх забяспечыць грашыма, а даць магчымасць самастойна зарабіць, улічваючы тое, што на пэўны час сям’ю забяспечвае толькі мужчына!”, — мяркуе Таццяна.

Мнагадзетная маці мінчанка Ірына разважае пра 10 тысяч долараў, якія можна будзе выкарыстоўваць толькі пасля паўналецця.

“Мо гэта будзе нейкая замануха, каб нараджалі дзяцей? І ўвогуле, я б не раздзяляла мнагадзетных і не мнагадзетных, бо першых у нас не вельмі любяць за тое, што яны пабудавалі кватэры за той кошт, за які маюць права будаваць кватэры ўсе ў нашай краіне. Добра што дапамогу збіраюцца падымаць. Я ведаю, ў некаторых краінах дапамога на дзяцей большая, чым ў нас. Яна проста нармальная”, — заўважае Ірына. 

Нагадаем, дапамога на дзіця цяпер ў Беларусі складае каля 200 долараў: на першае дзіця гэта 1 946 300, на другое — 2 224 300 рублёў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі