Прадаўшчыца з Камароўкі: Мяса цяпер — самы выгадны прадукт!

У канцы тыдня на мінскай Камароўскім рынку народу зашмат. З вазкамі, пакетамі і кошыкамі на кірмаш спяшаюцца людзі. На прылаўках з’явіліся беларускія памідоры і бульба па 7-15 тысяч за кілаграм, за капусту просяць 6-7 тысяч рублёў.

Пачалі прадаваць беларускія лісічкі — ад 80 000 рублёў за кілаграм, садовыя маліны, агрэст, парэчкі і лясныя буякі — 35 000 за двухсотграмовы слоік.

“Вось чарніцы бярыце. Трохлітровае вядзерка за 120 тысяч аддам. Дакументы аб узроўні радыяцыі, я з Ашмян, ведаеце, дзе гэта? Вось пашпарт мой, збіраныя рукамі — усе адна да адной, без лісточкаў і іншага смецця”, — невысокая прадавачка чарніц з Ашмян стракоча рэкламу як з кулямёта. Заадно скардзіцца, што “ягад у гэтым годзе няшмат, бо бачыце, якое надвор’е”. Але набываць дарагія ягады пакупнікі ў бойкай прадаўшчыцы не ірвуцца.

Тым больш што на вагу атрымліваецца танней. За кілаграм просяць 33-35 тысяч рублёў.

На Камароўцы з’явіліся цэлыя рады з дынямі ды кавунамі. Але набываюць кавуны пакуль адзінкі. Цана ягады — 10 000 рублёў за кілаграм. Дыня каштуе 12-15 тысяч за кілаграм.

Персікі і нектарыны таксама розняцца ў цэнах — можна знайсці гэтую садавіну і па 23 000 рублёў за кілаграм, і па 30 000.

А вось у секцыі Камароўкі, дзе прадаюць мяса ды малако, такога ажыятажу няма.

“Мяса ўвогуле не падымаецца ў цане, — кажа прадавачка Маргарыта. — Ужо паўгода не даражэе. Вы набудзеце грудзінку без касцей, без сала за 70 тысяч! Дзе вы бачылі такія цэны. Цяпер на мяса самыя выгадныя цэны”.

Не ведаю, як там з выгаднымі, але ялавічына цяпер каштуе 120-160 тысяч за кілаграм, свініна прадаецца меней за 100 тысяч за кілаграм.

“Але можна знайсці і танней, — кажа мне Таццяна Міхайлаўна, пенсіянерка. Яна толькі што аддала за мяса, філе, косткі ды кавалачак шыі 140 тысяч рублёў. Таццяне Міхайлаўне хопіць гэтага на месяц, яна жыве адна. — Больш і не куплю — пенсія два мільёны, але і цэны на мяса не растуць. Я заўсёды сюды хаджу”, — кажа мне жанчына і просіць падняць ёй сумкі на прыступкі рынка. Мы спыняемся акурат насупраць пікетаў. Тут збіраюць подпісы за Лукашэнку, Караткевіч і Лябедзьку. І сумна, што пенсіянеры ледзь не ў чарзе стаяць, каб падпісацца за “пенсію” ды “стабільныя цэны”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі