Прадпрымальнікі хочуць вулічнай акцыі, рэферэндуму і сустрэчы з прэзідэнтам

Прадпрымальнікі хочуць вулічнай акцыі, рэферэндуму і сустрэчы з прэзідэнтам

На “Форум прадпрымальнікаў” у Мінск прыехала столькі гасцей, што зала гатэля “Пекін” не можа ўсіх змясціць — людзі стаяць не толькі ў праходах, але і ў холе перад залай. Толькі з Гомеля і толькі арганізавана аўтобусамі прыехала 100 чалавек. “А яшчэ ж ехалі асобна, сваімі машынамі”, — кажа прадстаўніца гомельскіх іпэшнікаў Жанна Губкіна.

Таксама ў зале ганаровыя госці — прадстаўнікі нямецкай і амерыканскай амбасад. Дзяржустановы прадстаўленыя прадстаўніком Дзяржстандарту і Дэпартамента прадпрымальніцтва Мінэканомікі. 

Старшыня аб’яднання “Перспектыва” Анатоль Шумчанка пачынае з аб’явы — прадпрымальнікі вырашылі з утульных залаў гатэляў перанесці свой форум на вуліцу. Дакладней — на Бангалор.

Прадпрымальнікі хочуць вулічнай акцыі, рэферэндуму і сустрэчы з прэзідэнтам

Шумчанка: “Праз тое, што на сёння наша сітуацыя зайшла надта далёка, з намі ніхто з цэнтральных уладаў не хоча весці перамовы. Саветам “Перспектывы” было прынятае рашэнне падаць заяўку на мітынг прадпрымальнікаў 15 лютага 2016 года. Заяўку мы адправілі 29 студзеня — кінулі ў скрыню, бо нам не далі магчымасці яе зарэгістраваць. Спадзяемся, што яна будзе зарэгістраваная ў вызначаныя тэрміны. Мы хочам выкарыстаць усе прававыя сродкі вырашэння нашых пытанняў, працаваць у межах дзейнага заканадаўства — каб не быць абвінавачанымі хоць у нечым. Мая пазіцыя вам вядомая: няважна, дзе, галоўнае — колькі”.

Потым лідар прадпрымальнікаў вітае прадстаўнікоў нямецкай і амерыканскай амбасад, дорыць ім цукеркі і кнігі па гісторыі Полацка. “Горад Полацк, інгліш — можаце пачытаць”, — дэманструе гасціннасць і валоданне мовамі прадстаўніца полацкіх прадпрымальнікаў, адорваючы кнігай амерыканскага дыпламата.

Пакідаючы без падарункаў прадстаўнікоў айчынных дзяржустаноў, Шумчанка выклікае на сцэну самую сталую ўдзельніцу Форуму — 88-гадовую індывідуальную прадпрымальніцу з Мінска Юзэфу Ігнатаўну.

Прадпрымальнікі хочуць вулічнай акцыі, рэферэндуму і сустрэчы з прэзідэнтам

“Я працую 30 гадоў прадпрымальнікам (з 1986 года), апошнім часам у нас змянілася жыццё: павысіліся падаткі, сертыфікаты ўвялі — мы далей працаваць не можам. Просім таварыша Лукашэнку, каб ён знізіў плату арэнды, каб мы маглі працаваць, карміць дзяцей, выхоўваць іх і каб было ў нашай краіне ўсё добра — дзякуй Лукашэнку. Дзякуй Лукашэнку, што ў нашай краіне мір і спакой. Хай так і працягваецца”, — чакана пачынае з пераліку праблем прадпрымальнікаў і нечакана завяршае свой выступ жанчына.

“Можа, вы на правах старэйшага папросіце аб сустрэчы Лукашэнку?” — падштурхоўвае яе ў іншым кірунку Шумчанка.

“Я не супраць з ім сустрэцца”, — пагаджаецца Юзэфа Ігнатаўна. 

Далей Шумчанка прапаноўвае самім распрацаваць закон “Аб малым бізнесе”, скарыстацца правам заканадаўчай ініцыятывы праз збор 50 тысяч подпісаў і падаць свой законапраект на разгляд у парламент.

Шумчанка: “Калі парламент не вырашыць праблему грамадзян, будзем вымушаныя звярнуцца да іншага артыкула Канстытуцыі, які прадугледжвае правядзенне рэспубліканскага рэферэндуму”.

Для гэтага прадпрымальнікам трэба будзе сабраць 450 тысяч подпісаў. Для 600 тысяч іпэшнікаў і такое магчыма.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі