Прадпрымальнікі, што перарэгістраваліся ў ЧУПы, на мяжы закрыцця

Ужо месяц некаторыя прадпрымальнікі працуюць у новых умовах. Еўрарадыё вырашыла даведацца, як адчуваюць сябе бізнэсоўцы, якія перарэгістраваліся ў ЧУП.
Прадпрымальніца Тамара ўжо са студзеня працуе як ЧУП. “Мне нічога не застаецца”, - кажа яна. Прадпрыемства ідзе ў мінус. Ужо цяпер Тамара гатовая да таго, што ўрэшце ёй давядзецца закрыцца:

“Вось мы з бухгалтарам цяпер закрываем месяц… Падаткі, канешне, вар’яцкія. Яны ў разы тры павялічацца, калі не ў чатыры
Пагляджу, папрацую, калі нічога не зменіцца — я закрыюся… Мне такія ЧУПы не трэба. Будзем, значыць, шукаць штосьці іншае”.

Па падліках прадпрымальніцы, за месяц яна губляе каля 400 долараў — гэта калі падлічваць толькі падаткі:

“Нават калі я прыкіну па мінімуме, то ў мяне менш за мільён не атрымаецца. А мільён – гэта дзесьці 470 долараў. Гэта цяпер я павінна заплаціць, калі я раней плаціла 65 еўра. Што застанецца мне? Мне нічога не застаецца. Я іду ў мінус”.

Акрамя грашовых стратаў прадпрымальніца скардзіцца на ўмовы працы, якія таксама пагоршыліся. Працаўнікоў не хапае, даводзіцца рабіць усё самой, бо каб наняць, напрыклад, бухгалтара, трэба выдаткаваць яшчэ 1000 долараў у месяц, а такіх грошай няма. Да таго ж прыбавілася валакіты з паперамі. Тамара кажа, што яна не адна такая, і што многія хутка закрыюць свае ЧУПы:

“Нерэнтабельна атрымліваецца. Калі ў цябе менш за тры кропкі, дык увогуле няма сэнсу…”

У прадпрымальніка Сяргея пяць гандлёвых кропак, але і ён думае пра тое, каб “прыдумаць штосьці іншае”. З 1-га лютага прадпрымальнік працуе як ЧУП. Прайшло ўсяго некалькі дзён, але змены ён ужо адчуў добра:

“Я закапаўся ў паперах, сяджу ў іх як кніжны чарвяк… Няма часу займацца іншымі справамі. У мяне пяць гандлёвых кропак. Значыць, пяць прадаўцоў, кіроўца, ну і я — дырэктар. Ужо сем. Трэба яшчэ бухгалтара браць – гэта ўжо восем. А абароты, гэта значыць валавая выручка, у мяне засталіся такія ж, як былі, калі я быў простым прадпрымальнікам”.

Падатак, кажа Сяргей, павялічыцца мінімум у два разы. Так працаваць далей наўрад ці атрымаецца:

“Калі застануцца старыя абароты, якія былі ў мяне раней, то падатак павялічыцца ў два разы. Я ўвогуле планую дыверсіфікаваць свой бізнес. Будзем прыдумваць штосьці іншае. Адыходзіць ад гандлю”.

А вось прадпрымальнік Аляксандр Давідовіч, які займаецца вытворчасцю пліткі, добраахвотна зарэгістраваў ТАА. Ён кажа, што зрабіў бы гэта незалежна ад 760-га ўказа:

“У мяне вытворчасць, таму трыма чалавекамі, якія былі ў мяне ў ІП, я не спраўляўся. Таму, быў бы указ 760-ты ці яго не было б, я б усё роўна перарэгістраваўся. У мяне няма іншага выйсця. Мне трэба 15 чалавек, каб развівацца так, як я хачу.

Калі робіш плітку і маеш усяго толькі тры чалавекі, то атрымліваецца, што абсталяванне прастойвае і плошчы прастойваюць. Таму ў мяне была такая патрэба і без гэтага ўказа”.

Справа ў тым, што, калі ты займаешся вытворчасцю, кажа Аляксандр, то працаваць як індывідуальны прадпрымальнік – цяжка. Але што тычыцца гандлю, то там наадварот.

Еўрарадыё працягвае сачыць за развіццём падзей. Чытайце працяг у хуткім часе на нашым сайце.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі