Прадпрымальнікі вызначылі, што ім перашкаджае працаваць
На прадпрымальніцкай канферэнцыі бізнесмены прэзентавалі вынікі апытання сярод іпэшнікаў, Уладзімір Някляеў сабраўся збіраць подпісы за ўдзел ва Ўсебеларускім сходзе, а Яраслаў Раманчук расказаў, чаму прадпрымальнікі мусяць прагаласаваць за яго.
Беларускія прадпрымальнікі больш за ўсё скардзяцца на нестабільнасць заканадаўства, вялікія штрафы і падаткі, а таксама слабае веданне законаў самімі кантралюючымі органамі. Такія вынікі апытання, што праводзілася на рынках і ў гандлёвых цэнтрах краіны. У ім прынялі ўдзел больш за 20 тысяч дробных бізнесменаў, чвэрць з якіх пакінулі на анкеце свае імёны і адрасы.
Удзельнікі Канферэнцыі прадпрымальнікаў
"Ёсць патэнцыял. Мы паказалі, што 23% рэальна могуць выказацца і пра гэта не баяцца", ― адзначыў старшыня аргкамітэта па стварэнні грамадскага аб'яднання "За свабоднае прадпрымальніцтва" Віктар Гарбачоў. Вынікі апытання былі прэзентаваныя 19 ліпеня на Канферэнцыі прадпрымальніцкіх арганізацый Беларусі і Ўкраіны.
Цікава, што менш баязлівых – сярод жанчын. Яны з большай ахвотай пакідалі сваё прозвішча і кантактныя дадзеныя. Сярод актывістаў, што праводзілі анкетаванне, жанчын таксама было ўдвая больш за мужчын. На столькі ж іх пераважала сярод апытаных.
Віктар Гарбачоў: "Мужчыны больш баяцца. Гэтая сітуацыя здзівіла. З жанчынамі трэба болей працаваць, прывабліваць іх у прадпрымальніцкія арганізацыі. Бо сярод мужчынаў болей тых, якія назіраюць збоку".
Старшыня незарэгістраванага прафсаюза прадпрымальнікаў "Разам" Ірына Яскевіч наракала на адсутнасць праблемаў жанчын у прадстаўленых анкетах.
Ірына Яскевіч: "Перад намі – вялікая праца па вырашэнні важных праблем для жанчын-прадпрымальніц. Напрыклад, пытанне дэкрэтнага адпачынку, праблемы з даглядам за дзецьмі. Дзіцячыя ж садкі не працуюць да 9 вечара".
Лічба тых, хто не пабаяўся ў анкеце адзначыць свае дадзеныя вельмі ўзрадавала Ўладзіміра Някляева, лідэра кампаніі "Гавары праўду". Актывісты яго “Руху наперад” дапамагалі праводзіць анкетаванне.
Уладзімір Някляеў: "23% тых, хто вярнулі анкеты з кантактнай інфармацыяй – гэта вялікая лічба. Таму я перакананы, што вы – самая актыўная сіла гэтага грамадства. І таму я на вас спадзяюся".
Уладзімір Някляеў: загад №510 - чарговая "разводка" прадпрымальнікаў
Уладзімір Някляеў падзяліўся спантаннай ідэяй сабраць 20 тысяч подпісаў за тое, каб стаць дэлегатам на Ўсебеларускі народны сход.
Уладзімір Някляеў: "Колькі ж будуць праводзіцца гэтыя народныя "хуралы" з загадзя вядомымі пытаннямі і адказамі? Таму мы паспрабуем сабраць 20 тысячы галасоў. Груба кажучы, калі на сходзе 5000 дэлегатаў, то на кожнага прыходзіцца 2 тысячы беларусаў. З сабранымі 20 тысячамі подпісаў я буду мець нібыта 10 галасоў. Трэба ці пакласці канец гэтым сходам, ці каб яны праходзілі па зразумелых для людзей правілах".
Верагодны кандыдат у прэзідэнты Яраслаў Раманчук прадставіў сваё гледзішча на неабходныя рэформы ў сферы прадпрымальніцтва.
Яраслаў Раманчук: "Калі б я быў прадпрымальнікам, то за сябе прагаласаваў бы толькі за адно канкрэтнае дзеянне – на працягу месяца ўсе прадпрымальнікі, малы бізнэс, што арандуе памяшканні, атрымлівае права выкупу па рэшткавым кошце. Падумайце, колькі сотняў тысяч уласнікаў з'явілася б па ўсёй краіне, якія б пачалі свой бізнэс, адчулі сябе гаспадарамі! Тады б адзін росчырк пяра зрабіў бы вялікае дабро беларускаму прадпрымальніцтву".
Яраслаў Раманчук параўнаў сваё стаўленне да прадпрымальнікаў са стаўленнем уладнай вертыкалі
У планах прадпрымальніцкіх арганізацый – азнаёміць грамадскасць з вынікамі праведзенага даследавання. Лічбы з анкетавання дапамогуць бізнесменам аргументавана размаўляць з мясцовымі чыноўнікамі, спасылаючыся на меркаванне многіх прадпрымальнікаў, упэўнены Віктар Гарбачоў. Апрача таго, па ўсёй краіне плануецца збор подпісаў сярод прадпрымальнікаў па вырашэнні дзвюх галоўных праблем: зніжэнні высокіх падаткаў і нестабільнасці заканадаўства.
Віктар Гарбачоў: "Мы плануем на працягу 2-3 месяцаў сабраць ад 20 да 50 тысяч подпісаў для падачы ў Адміністрацыю прэзідэнта і Парламенцкую камісію па прадпрымальніцтве з патрабаваннем уключэння прадпрымальнікаў у працэс прыняцця адпаведных законапраектаў".