Прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі адправілі хадайніцтвы ў КДБ
Яны гатовыя паручыцца за ксяндза Уладзіслава Лазара, які ўжо некалькі месяцаў знаходзіцца за кратамі.
Нагадаем, 26 ліпеня Аляксандр Лукашэнка заявіў пра затрыманне ў Беларусі шпіёна-католіка, але падрабязнасці справы не агучыў. На наступны дзень з'явілася версія, што быў затрыманы ксёндз Уладзіслаў Лазар. Інфармацыю пра затрыманне пацвердзіў прадстаўнік Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі. Вядома, што Лазар — грамадзянін Беларусі, вучыўся ў Гродзенскай семінарыі, пасля — у Польшчы. Дагэтуль не было агучана ніякай афіцыйнай інфармацыі ў справе ксяндза.
Хадайніцтвы аб вызваленні да суда ксяндза падпісалі сямёра прадстаўнікоў Рады беларускай інтэлігенцыі: Зінаіда Бандарэнка, Уладзімір Колас, Анатоль Вярцінскі, Лявон Баршчэўскі, Аляксей Кароль, Анатоль Гуляеў, Валерый Фралоў. Яны гатовыя асабіста паручыцца, што Уладзіслаў Лазар нікуды не знікне ў выпадку выхаду на волю. Вось што распавёў Еўрарадыё каардынатар ініцыятывы "Хрысціянскі рух" Аляксей Шэін:
"Мы гэты захад бачым, як такую меру і падтрымкі ксяндза, таму што надзеі, што яго адпусцяць да суда мала. Але, прынамсі, як выказванне салідарнасці з ім, я думаю, гэта рэч вельмі важная.Таму што зараз на яго ціснуць".
Па словах Шэіна, ксяндзу Уладзіславу Лазару перадавалі Біблію, але яе не прынялі.
Фота — Catholic.by