Прадзюсер судзіцца з Алейнікавым за права валодаць “Прарокам”

Прадзюсер праваленага ў Беларусі, аднак аншлагавага ў Санкт-Пецярбургу мюзікла "Прарок" адстойвае свае правы на праект, не зважаючы на тое, што яго пазыкі перад творчым і тэхнічным калектывам "Прарока" пагасіла жонка Ільі Алейнікава. Спрэчка дайшла да суда, які цяпер хочуць перанесці з Санкт-Пецярбурга ў Маскву, бо разгляду справы ў паўночнай сталіцы Расіі замінае аўтарытэт Алейнікава. Еўрарадыё паспрабавала разабрацца ў тым, што ж адбываецца вакол скандальнага мюзікла. Еўрарадыё паведамляла, што апошнія канцэрты мюзікла “Прарок” у Мінску, якія прайшлі ў кастрычніку мінулага года, былі стратнымі, таму прадзюсер не здолеў адразу разлічыцца з акцёрскім складам і тэхнічным персаналам, а правы на пастаноўку мюзікла і правы на тэксты ды музыку знаходзяцца ў розных людзей. Менавіта з-за гэтага беларускі прадзюсер “Прарока” Вадзім Таўпянец судзіцца з ідэйным натхняльнікам праекта і аўтарам музыкі Ільём Алейнікавым.

Прэс-сакратар праекта "Прарок" у Беларусі Таісія Таўпянец у інтэрв'ю Еўрарадыё распавяла, што грашовае пытанне з артыстамі дапамагла вырашыць Ірына Клявер – жонка Ільі Алейнікава, якая разлічылася з пазыкамі ад імя арганізатараў мюзікла. Таісія дадала, што на канцэрты-прэзентацыі “Прарока”, якія 2 тыдні таму ладзіліся ў Санкт-Пецербургу ды Маскве быў атрыманы дазвол Вадзіма Таўпянца, але толькі з-за артыстаў:

Таісія Таўпянец: “Усе кантракты цяперашніх акцёраў таксама знаходзяцца на руках у прадзюсера, а ў Алейнікава няма ніякіх правоў на выкарыстанне трупы. На адзін раз быў дадзены дазвол, каб артысты зарабілі якія-небудзь грошы”.

Прэс-сакратар дадала, што цяпер паміж Вадзімам Таўпянцом і Ільём Алейнікавым цягнецца судовая справа, якую днямі перанеслі з Санкт-Пецярбурга ў Маскву. Беларуская прэс-сакратар патлумачыла, што спрэчка дайшла да суда пасля таго, як Алейнікаў паспрабаваў выкупіць правы беларускага калегі на пастаноўку, а разглядаць яе ў Санкт-Пецярбургу немагчыма з-за аўтарытэту і вядомасці Алейнікава:

Таісія Таўпянец: “Беларускі прадзюсер аддаў шмат сілаў і ўласных сродкаў на тое, каб гэты мюзікл увогуле мог існаваць: у пастаноўку, касцюмы, рэпетыцыі. Ён прымаў актыўны ўдзел у пошуку артыстаў, а зараз яму прапануюць непрымальныя умовы, каб выкупіць яго правы. Зараз Вадзім збіраецца перанесці судовую справу ў Маскву, бо судзіцца з Алейнікавым у Санкт-Пецярбургу проста нерэальна, – яго імя вельмі паважаюць у горадзе”.

Еўрарадыё датэлефанавалася да выканаўчага прадзюсера мюзікла Алены Вадзюшынай, якая пацвердзіла, што былі запазычанасці перад трупай “Прарока” і выплаціла іх Ірына Клявер:

Алена Вадзюшына: “З-за таго, што прадзюсер (В.Таўпянец, - рэд.) не выканаў своечасова сваіх абавязкаў перад польскімі партнёрамі, то ўсе правы перайшлі нам. Ірына Клявер насамрэч пагасіла ўсе запазычанасці, якія пакінуў Вадзім Таўпянец, пры гэтым ён знік на тры месяцы. Таісія Таўпянец у нашым мюзікле не працуе з лістапада, а судовых працэсаў няма ні ў Піцеры, ні ў Маскве”.

Цікава і тое, што паводле прэс-сакратара Вадзіма Таўпянца, зараз ён збіраецца шукаць новую трупу, каб паставіць другі мюзікл, але пракат яго будзе ўжо выключна за мяжой. Алена Вадзюшына не надае сур'ёзнасці гэтым заявам, спасылаючыся на тое, што кантракты з акцёрамі несапраўдныя.

Алена Вадзюшына: “Гэтыя кантракты несапраўдныя хоць бы з-за таго, што ні разу Вадзімам Таўпенцом не быў выплачаны заробак у час. А набраць трупу і гастраляваць ён можа, толькі наш рэжысёр Януш Юзэфовіч ніколі пад гэтым “Прарокам” не падпішацца, бо яго рэпутацыя яму даражэй за ўсё”.

Дадам, што спецыяліст па сувязях з грамадскасцю мюзікла “Прарок” Юрый Барысаў каментаваць сітуацыю адмовіўся:

Юрый Барысаў: “Гэта ўнутраныя іх справы, якія не хацелася б выносіць на суд шырокага грамадства”.

Але калі верыць чуткам, што Ілья Алейнікаў разам з жонкай заклаў сваю кватэру, каб аддаць пазыкі, то становіцца зразумелым, чый бок можна лічыць праўдзівым.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі